Дні беларускага дакументальнага кіно ў Тбілісі
У грузінскім Тбілісі распачаліся Дні беларускага дакументальнага кіно. Цягам некалькіх дзён можна будзе паглядзець стужкі, прысвечаныя пратэстам 2020-га года. Распачаўся Тыдзень беларускага дакументальнага кіно стужкай “Галасы. Дзе мой край”. Гледачы падзяліліся ўражаннямі пасля прагляду фільма.
Дзяўчына: Спадабалася, бо выглядае як рэтраспэктыва нашага жыцця. Усе гэтыя эмоцыі, якія былі. Вера, што мы пераможам.
Дзяўчына: Я прыйшла на паказ разам са сваім знаёмым грузінам. Хацела, каб ён даведаўся пра беларускія пратэсты.
Гіо, жыхар Грузіі: Я праводзіў паралелі з маёй радзімай – Грузіяй (частка тэрыторыі Грузіі знаходзіцца пад ваеннай акупацыяй Расеі – заўв. рэд.). І тут бачны аднолькавы почырк. Ва ўсім вінаватая расейская сістэма. Гэтая сістэма вельмі сільная. Але я спадзяюся, што ўсё будзе добра.
Дзяўчына: Уражанні, нягледзячы на тое, што я крышачку паплакала, больш аптымістычныя. Вялікі гонар глядзець на гэтых людзей.
Арганізатарка дзён беларускага дакументальнага кіно Юлія адзначыла, што прагляды фільмаў скіраваныя не толькі на беларусаў, але і на прадстаўнікоў іншых краін.
– Усе гэтыя фільмы для беларусаў, каб адрэфлексаваць, што адбывалася, а для іншых нацыянальнасцяў паказаць, як яно было і што гэта было. Што мы не проста турысты тут, а мы людзі, якія зрабілі такі выбар, таму што ў нас не было іншых выйсцяў.
Падчас дзён беларускага дакументальнага кіно плануюцца таксама паказы фільмаў “Дом там, дзе я?”, “Белае сонца чырвонага лета” і “Courage”.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя