Агляд прэсы: не даць выкарыстаць
Санкцыі Расеі і Беларусі ўдарылі па дзяржпадрадчыкам. Еўрапейская газавая зіма – усё па плане Пуціна? Падрыхтоўка да агульнаеўрапейскага эканамічнага крызісу. У Вялікабрытаніі ідзе палітычны двубой паміж Сунакам і Трас. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«У той час як многія амерыканскія падрадчыкі маюць справу з федэральнымі абмежаваннямі ў адказ на ўварванне ва Украіну, многія не ведаюць, што ўрады штатаў маюць падобныя распараджэнні або законы, накіраваныя на разрыў бізнесу з падрадчыкамі, якія працуюць у Расеі ці Беларусі або з імі абедзвюма. Гэтыя новыя дзяржаўныя меры адрозніваюцца па аб’ёме і жорсткасці. Некаторыя з іх накладваюць цяжар справаздачнасці або сертыфікацыі на дзяржаўных падрадчыкаў, асабліва тых, хто працуе ва Усходняй Еўропе ці Расеі», – паведамляе амерыканскі часопіс National Defense.
«Нью-Джэрсі, напрыклад, нядаўна забараніў сваім дзяржаўным агенцтвам весці бізнес з кампаніямі, цесна звязанымі з урадамі Расеі ці Беларусі. Выканаўчы ўказ 291, выдадзены 2 сакавіка, заклікаў да абавязковага перагляду дзяржаўных кантрактаў, у тым ліку з «прадпрыемствамі, якія інвестуюць непасрэдна ў кампаніі, якія належаць або кантралююцца ўрадам Расеі, Беларусі або іх структурамі, непасрэдна або ў якасці субпадрадчыкаў. Важна адзначыць, што арганізацыя, якая заключае кантракт са штатам Нью-Джэрсі, павінна пацвердзіць, што ні яна, ні яе даччыныя або філіялы ў агульнай уласнасці не «задзейнічаныя ў забароненай дзейнасці» ў дзвюх краінах. У адваротным выпадку яна павінна дакладна тлумачыць такую дзейнасць. Больш за тое, калі кампанія-падрадчык будзе займацца якой-небудзь «забароненай дзейнасцю», яна будзе абавязаная спыніць такую дзейнасць на працягу 90 дзён і падаць у штаце адпаведны сертыфікат. Згодна з гэтым законам, ілжывая сертыфікацыя можа прывесці да грамадзянска-прававых санкцый і прыпынення або спынення кантрактных правоў. Урады штатаў у Каліфорніі, Каларада, Індыяне, Масачусетсе, Мінесоце, Нью-Ёрку, Паўночнай Караліне, Агаё, Вашынгтоне і іншых таксама нядаўна распачалі розныя крокі, каб адмежавацца ад расейскіх кампаній, дзяржаўных арганізацый або іх філіялаў. Некаторыя штаты таксама вырашылі пазбавіцца ад любых дзяржаўных расейскіх актываў. Іншыя прынялі забароны на продаж гарэлкі расейскага паходжання ў дзяржаўных спіртных крамах», – піша амерыканскае выданне.
Міністры энергетыкі краін ЕЗ дамовіліся аб прыняцці надзвычайнага плана па газе на зіму. Паколькі Расея рэзка знізіла аб’ёмы паставак, ЕЗ чакае, што справа дойдзе да сур’ёзных перабояў у газазабеспячэнні, і найперш гэта тычыцца Германіі. У пачатку перамоваў была абазначана агульная мэта для ўсіх краін – знізіць спажыванне газу на 15 адсоткаў, аднак у выніку было зроблена мноства выключэнняў. Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung асцерагаецца, што кашмар наяве для Еўропы толькі пачынаецца.
«Справа ў тым, што энергазалежнасць патрабуе надзейнага пастаўшчыка. Аднак Расея больш не жадае быць надзейным партнёрам і выконваць укладзеныя дамовы, а кашмары нараджаюцца менавіта з гэтай непрадказальнасці. Таму зараз падае аб’ём паставак па трубаправодзе «Паўночны паток-1». Магчыма, ён вырасце ў трубаправодзе Дружба, а можа, зноў упадзе там, пасля чаго вырасце ў Ямальскім трубаправодзе, які месяцамі прастойваў ухаластую. Канчатковая кропка кожнага з гэтых трубаправодаў знаходзіцца ў іншай краіне, і кожная з падобных сітуацый будзе выклікаць новую віхуру суперніцтва, дужання за пераразмеркаванне газу і бясконцыя спрэчкі ў ЕЗ. Так было задумана Пуціным, так яно і будзе», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Як адзначаюць эксперты МВФ, кліматычны крызіс, пандэмія і вайна ва Украіне ў значнай ступені паўплывалі на сітуацыю ў сусветнай эканоміцы: інфляцыя, рост коштаў, перш за ўсё на энерганосьбіты і прадукты харчавання, цяжкім грузам кладуцца на плечы насельніцтва і вядуць да скарачэння аб’ёмаў вытворчасці, якая і так ужо панесла страты ў выніку парушанай лагістыкі паставак. Над беднымі краінамі навісла пагроза голаду. Урады еўрапейскіх краін распрацоўваюць розныя стратэгіі аказання дапамогі сваім грамадзянам. Аўстрыйскі штотыднёвік Falter станоўча адклікаецца аб плане, прапанаваным аўстрыйскім урадам для падтрымкі грамадзян.
«Мадэль, якая мае на ўвазе змякчэнне эфекту падаражэння за кошт прадастаўлення спажыўцам пэўнай колькасці энергіі цалкам бясплатна, магла б стаць узорам для пераймання ва ўсім Еўразвязе! У адрозненне ад «абмежаванняў» ці «ўрэзванні» спажывання, якія пайшлі б на карысць толькі заможным грамадзянам, што маюць самыя вялікія машыны і кватэры, новая мадэль аказвае падтрымку «фінансава слабым», паколькі яна прадугледжвае, што вызначаную долю электраэнергіі яны будуць атрымліваць бясплатна: яе за іх аплаціць дзяржава. У мадэлі адразу некалькі пераваг: нават тыя, каму некаторая крыха электраэнергіі належыць бясплатна, усё роўна павінны будуць самі аплачваць астатнюю долю энергіі, якую спажываюць, што ў сваю чаргу будзе відавочна падштурхоўваць да эканоміі электрычнасці», – прагназуе аўстрыйскае выданне.
Пасля сыходу Борыса Джонсана з пасады кіраўніка партыі торы кансерватарам трэба будзе абраць новага лідара. Галасаванне будзе праведзена па пошце: сябры партыі, агульная колькасць якіх складае каля 180 тысяч чалавек, мусяць зрабіць свой выбар да верасня. І ўвосень гэтага года стырно кіравання пяройдзе да новага абранніка. А пакуль галоўныя кандыдаты на вышэйшую партыйную пасаду – экс-міністр фінансаў Рышы Сунак і міністр замежных спраў Ліз Трас – спаборнічаюць адзін з адным у серыі тэлевізійных дэбатаў. Брытанская газета The Independent лічыць тэледэбаты Трас і Сунака пустой балбатнёй.
«Мала таго, што гэтая дуэль была інфантыльнай, грубай, недарэчнай і смяхотнай. Яна была ўсім гэтым адначасова! Ну а акрамя таго, гэта было дасканалае трызненне, адарванае ад рэальнасці. Гаварылася, напрыклад, што Рышы Сунак нібыта здольны справакаваць рэцэсію. У сваю чаргу Ліз Трас са сваёй палітыкай павышэння працэнтных ставак да 7 працэнтаў, можа, і не справакуе рэцэсію, але затое створыць сітуацыю, пры якой многія людзі проста пазбавяцца свайго жылля. Сцвярджэнні гэтыя зусім немагчыма праверыць, а таму яны будуць цыркуляваць яшчэ шэсць тыдняў, раскручваючыся па спіралі, запальваючы сітуацыю і не прыўносячы яснасці ў тое, што адбываецца», – паведамляе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка