„Дынама” і БАТЭ выбылі з Лігі канферэнцый
Беларускія футбольныя клубы прайгралі ў паядынках у адказ 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый і завяршылі еўракубкавы сезон.
Бронзавыя прызёры чэмпіянату Беларусі футбалісты менскага „Дынама” ў другім матчы ў ізраільскай Беэр-Шэве саступілі мясцоваму „Хапаэлю” 0:1. На 88-й хвіліне пасля грубай памылкі галкіпера Ягора Хаткевіча пераможны гол забіў Ратэм Хатуэль. Тыдзень таму мінчане саступілі 1:2. Футбалісты барысаўскага БАТЭ другі раз пацярпелі паразу ад „Каньяспора” – 0:2. У канцы першай паловы сустрэчы галамі адзначыліся Амар Рахманавіч і Франсіска Кальва. На мінулым тыдні срэбраныя прызёры беларускага першынства прайгралі з буйным лікам 0:3. Футбалісты казахстанскай „Астаны” выбылі з Лігі канферэнцый, двойчы саступіўшы ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе польскаму „Ракуву”. У Нур-Султане „Астана” прайграла гасцям з Польшчы 0:1. Беларускія легіянеры казахстанскага клуба абаронца Дзяніс Палякоў і паўабаронца Макс Эбонг правялі на полі ўвесь матч. На мінулым тыдні ў Чэнстахове польскі клуб выйграў з буйным лікам 5:0. У 3-м раўндзе „Ракув” сустрэнецца з пераможцам матчаў паміж славацкім „Спартаком” з Трнавы і валійскім „Ньютаунам”. У першай гульні славакі перамаглі ў сябе дома 4:1.
CAS вынес канчатковае рашэнне па справе берасцейскага „Дынама” супраць Хачэрыдзі
Слуханні ў CAS па справе Яўгена Хачэрыдзі прайшлі яшчэ 18 лютага, але канчатковае рашэнне было вынесенае толькі праз 5 месяцаў. Каманда расейскіх юрыстаў змагла значна знізіць памер кампенсацыі (штрафной няўстойкі), прысуджанай былому футбалісту, з 1 мільёна даляраў ЗША да 600 тысяч. У дадзенай справе памер кампенсацыі бакамі быў узгоднены, аднак арбітр, выслухаўшы пазіцыі бакоў і меркаванне эксперта, а таксама вывучыўшы ўсе доказы па справе прыйшоў да наступнай высновы:
— Нягледзячы на тое, што агульны кошт кантракта гульца складаў мільён даляраў, скасаванне гэтага кантракта было ўжо праз 8 месяцаў з пачатку яго выканання, таму ўмова аб штрафе ў памеры мільён даляраў з’яўляецца неадпаведнай, паколькі яна перавышае дапушчальную суму з пункту гледжання справядлівасці і роўнасці.
Хакейны турнір памяці Дубко пачаўся у Гародні
У Гародні ўрачыста адкрылі хакейны турнір памяці А.І. Дубко. Удзел у 18-м турніры бяруць чатыры каманды: гарадзенскі „Нёман”, „Дынама Санкт-Пецярбург”, „Юнацтва-Мінск” і „Шахцёр-Салігорск”. Гардзенcкі „Нёман” вырваў перамогу ў авертайме ў „Дынама-Санкт-Пецярбург” дзякуючы шайбе Варывончыка 3:2. Да гэтага першую гульню турніру правялі менскае „Юнацтва” і салігорскі „Шахцёр”. У гэтым матчы „Юнацтва” адыгралася з ліка 1:3. У авертайме каманда змагла перамагчы „Шахцёр” 4:3. У другі дзень турніру пазмагаюцца „Дынама” з „Юнацтвам” і „Шахцёр” з „Нёманам”.
Беларускае Радыё Рацыя