У Васількове ліквідавалі сляды вандалізму на габрэйскіх могілках
На габрэйскіх могілках Васількова неабыякавыя выявілі шматлікія сляды вандалізму: графіці на сценах і памятным знаку лапідаруюму, раскіданае смецце навокал і паламаныя памежныя знакі могілак.
Асноўныя працы па прыборцы тэрыторыі могілак арганізаваў бурмістр Васількова Адрыян Луцкевіч:
– Цяжка сказаць, хто гэта здзейсніў. Высілкамі камунальнікаў тэрыторыя ачышчаная. Будзем спадзявацца, што ў будучыні мы зможам пазбегнуць такіх выпадкаў і годным чынам будуць ушаноўвацца ўсе, хто жыў у горадзе і гміне Васількоў.
Пра значэнне акцыі выказаўся арганізатар, дырэктар пачатковай школы №20 Беластока, Марыюш Сакалоўскі:
– Гэта не быў акт антысемітызму, а неабдуманыя дзеянні, за якія трэба несці адказнасць. Мы хочам, каб да жыхароў пайшоў нейкі сігнал, што нельга так рабіць.
Інфармацыя пра выяўленыя акты вандалізму на габрэйскіх могілках Васількова была перададзена для расследавання і кантролю ў мясцовую паліцыю.
Беларускае Радыё Рацыя