За што і як судзяць людзей на Берасцейшчыне?
Праявы так званага экстрэмізму ці абраза прадстаўніка ўлады – такімі сталі за апошнія тыдні на Берасцейшчыне падставы для завядзення крымінальных палітычна матываваных справаў і правядзення па іх судовых паседжанняў.
Судзяць пераважна не групамі, як год таму, а па аднаму чалавеку, – адзначыла праваабаронца спадарыня Ганна, якая ў мэтах бяспекі не называе сваё прозвішча:
– З такіх крымінальных за апошнія пару тыдняў у нас узнавіліся суды па так званай “справе Зельцэра”. Гэта за каментары, якія пакінулі людзі пасля таго, як у кватэру айцішніка Зельцэра ўварваліся, як пасля высветлілася, кэдэбісты. Але ж яны былі там апранутыя ў цывільную вопратку. І было шмат каментароў і шмат затрыманых за гэта.
На суды ў Берасцейскай вобласці па-ранейшаму ніхто не можа трапіць акрамя блізкіх, нягледзячы на тое, што афіцыйна яны павінны быць адкрытыя. А некаторыя ў парушэнне закона ладзяцца ў закрытай форме.
Беларускае Радыё Рацыя