Астравецкая бібліятэка пакуль не атрымае імя Адама Мальдзіса
Гарадзенскі аблвыканкам прыпыніў рашэнне аб наданні Астравецкай раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса.
Рашэнне было прынятае Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама пасля звароту праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Афіцыйны адказ за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення Ігара Булаўкі Бондарава апублікавала ў сваім ТГ-канале.
Адам Мальдзіс — пісьменнік, літаратуразнаўца, гісторык. Вядомы як блізкі сябра Уладзіміра Караткевіча. Мальдзіс памёр 3 студзеня 2022 года ва ўзросце 89 гадоў.
У чэрвені Беларускі фонд культуры прапанаваў Астравецкаму райвыканкаму ўвекавечыць памяць славутага земляка. 24 чэрвеня астравецкія чыноўнікі вырашылі надаць яго імя раённай бібліятэцы. Гэта выклікала абурэнне ў праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Яна напісала скаргу ў аблвыканкам. Славутага навукоўца яна называла „махровым нацыяналістам” і „прапольскім дзеячам”. У віну Мальдзісу яна ставіла нават атрыманы ім дзяржаўны ордэн Францішка Скарыны. найперш гарадзенскія чыноўнікі заявілі, што адмяняць рашэнне пра перайменаванні бібліятэкі не плануюць. Але цяпер прынялі іншае рашэнне.