Батумі: штаб дапамогі Украіне сам просіць дапамогі
Штабу дапамогі Украіне, што знаходзіцца ў грузінскім Батумі, самому патрэбна дапамога. Не хапае харчовых перадач і адзення, якое штодня перадаюць украінцам, што з’ехалі ад вайны ў роднай Украіне.
Пра тое, што патрэбна ў штаб, распавядае адна з каардыдатарка Ірына Гурская:
– Я заклікаю ўсіх неабыякавых далучыцца. Мы збіраем крупы, гарбату, каву, кансервы. Дзецям прашу прыносіць слодычы, бо дзеці цешацца калі бачаць шакаладку або нейкае печыва.
Па яе словах, у грузінскі Батумі едзе вялікая колькасць украінцаў з розных рэгіёнаў Украіны:
– Вельмі шмат людзей едзе з Марыупалю, яны едуць, яны працягваюць ехаць. Едуць з Харкаўскай і Херсонскай вобласці. Ім вельмі цяжка, дабіраюцца на машынах або нейкімі перавозчыкамі. Усе патрабуюць дапамогі.
З пачатку вайны валанцёры ў штабе дапамогі перадалі ва Украіну больш за 70 тон гуманітарнага грузу. Цяпер штаб раздае дапамогу ўкраінцам толькі ў Батумі.
Знайсці штаб дапамогі ў грузінскім Батумі вельмі лёгка – ён знаходзіцца ў старым горадзе ў офісе партыі Лело па адрасе Цара Парнаваза 46.
Беларускае Радыё Рацыя