Ва Украіне арыштавалі актывы кампаніі, запісанай на дачку беларускага алігарха
Ва Украіне праваахоўныя органы арыштавалі актывы прыватнай кампаніі „Санта Холод Україна”. Яна зарэгістраваная на кіпрскую кампанію „Ньюрайд Сэрвісес Лімітэд”, чыёй уласніцай з’яўляецца Яна Машэнская, паведамляе Радыё „Свабода”.
Гэта дачка вядомага беларускага бізнесоўца Аляксандра Машэнскага — аднаго з бенефіцыяраў беларуска-нямецкага прадпрыемства „Санта Брэмар”.
Пра арышт актываў кампаніі стала вядома толькі цяпер, бо яе прадстаўнік звярнуўся ў суд. Фірма просіць скасаваць арышт рахункаў, каб аплаціць камунальныя паслугі, ахову, а таксама паліва. Аднак суд скасаваць арышт рахункаў адмовіўся.
Маёмасць кампаніі „Санта Холод Україна” арыштавалі па крымінальнай справе, пачатай за злоўжыванне паўнамоцтвамі службовай асобы і фінансаванне дзеянняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, змены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Украіны.
Як адзначае статут кампаніі, асноўным відам яе дзейнасці была перапрацоўка і кансерваванне рыбы, ракападобных і малюскаў. Таксама кампанія Яны Машэнскай мела ліцэнзіі на перапрацоўку і кансерваванне гародніны і садавіны, на гуртовы і раздробны гандаль прадуктамі харчавання і офіснай мэбляй, фінансавы лізінг, арэнду і кіраванне ўласнай ці арандаванай маёмасцю і нават распрацоўку будаўнічых праектаў.
Беларускае Радыё Рацыя