BYPOL падазрае, што за „разборкамі” у апазіцыі могуць стаяць спецслужбы
Апошнія тыдні ў асяроддзі беларускіх дэмакратычных сіл разгараецца скандал за скандалам. Палітыкі абвінавачваюць адзін аднаго ў недастатковай рашучасці, патрабуюць справаздачнасці аб працы Офіса Святланы Ціханоўскай і спрачаюцца, ці варта ехаць на канферэнцыю ў Вільні, якая арганізуецца ёю. Як выказаўся ў прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў, правядзенне самой канферэнцыі — не ў інтарэсах Лукашэнкі.
„І была пастаўлена задача спецслужбам і агентуры, якая знаходзіцца за мяжой, кампраметаваць усяляк людзей, якія ў гэтым удзельнічаюць, альбо саму падзею”, — кажа Азараў.
Менавіта таму, па словах прадстаўніка BYPOL, і „адбываюцца ўсе гэтыя падзеі”. Аднак гэта не абавязкова азначае, што ўсе крытыкі Ціханоўскай — „агентура”.
Азараў дадаў, што канкрэтна ў ініцыятывы BYPOL якіх-небудзь сур’ёзных прэтэнзій да дыпламатычных структур, у тым ліку Офіса Ціханоўскай, няма.