З пачатку года амаль усе замежнікі прыязджаюць у Беларусь з Расеі
Ад пачатку году мы назіраем, што амаль 100 працэнтаў замежнікаў, якія спрабавалі перасячы польска-беларускую мяжу, нелегальна, трапілі ў Беларусь з Расеі, – паведаміла прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы Анна Міхальская.
Яна адзначыла, што сёлета змяніўся профіль імігрантаў, якія нелегальна перасякаюць мяжу з Беларусі ў Польшчу. Яна дадала, што летась пераважалі грамадзяне Блізкага Усходу, а сёлета ў асноўным грамадзяне краінаў Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Цягам аднаго месяца на польска-беларускай мяжы памежная служба затрымала грамадзян 36 розных краін. Сярод нелегалаў пераважаюць маладыя мужчыны ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў.
Анна Міхальска адзначыла, што гэта замежнікі, якія атрымалі расейскія візы, у тым ліку для таго, каб вучыцца, наведваць або пачаць бізнес. «Апошнім часам яны атрымліваюць гэтыя візы толькі пасля прыбыцця ў Расею ў аэрапортах, раней яны куплялі яе ў краінах паходжання перад прыбыццём», – адзначыла МІхальска.
Паводле польскіх памежнікаў, шлях міграцыі быў створаны рэжымам Лукашэнкі, але «надалей забяспечвацца з расейскага кірунку». Беларускі бок удзельнічае ў перапраўцы іншаземцаў у памежную зону і ў пераадоленні мер бяспекі на мяжы. Беларускія службы бяруць аплату нібыта за „дапамогу”, якую яны прапануюць, — падкрэсліла прэс-сакратар польскай памежнай службы.