Беларусь пераарыентоўваецца на расейскія парты



Беларуская чыгунка развівае супрацоўніцтва з партамі Расеі, піша БелТА са спасылкай на начальніка БЧ Уладзіміра Марозава. Новымі напрамкамі перавозак грузаў сталі Астраханскі, Усходні, Уладзівастоцкі, Наварасійскі, Яйскі, парты Каўказ, Оля і Растоўскі. Таксама праводзіцца работа па арганізацыі перавозак у напрамку партоў Паўночна-Заходняга рэгіёну Расеі.

Паводле слоў кіраўніка БЧ, у існуючых умовах задача заключаецца ў актыўным прасоўванні прадукцыі прадпрыемстваў Беларусі на рынкі збыту Расеі, Казахстана і ў цэлым на рынкі краін ЕАЭС.

Па выніках шасці месяцаў гэтага года праз марскі порт Санкт-Пецярбурга было перавезена амаль 900 тыс.т грузаў. Гэта ў 1,7 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2021 года. Праз порт Усць-Луга – каля 502 тыс. т, або 108%. Работу БЧ па супрацоўніцтве з асноўнымі партамі Расеі абяцаюць прадоўжыць.

Адным са стратэгічных напрамкаў экспарту беларускай прадукцыі ў кантэйнерах з’яўляецца Кітай і ў цэлым краіны азіяцкага рэгіёна. Сумесна з транспартнымі кампаніямі БЧ забяспечвае арганізацыю і развіццё рэгулярнага кантэйнернага сервісу па дастаўцы прадукцыі на кітайскі рынак.

reform.by