Марш Годнасці ў Вроцлаве
9 жніўня ў польскім Вроцлаве прайшоў Марш Годнасці, прысвечаны другой гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Каля 500 чалавек сабраліся на плошчы Вольнасці і прайшліся маршам да Рынку ў цэнтры горада. Беларусы ўзгадалі жнівень 2020 году, падзеі якога запусцілі гістарычныя працэсы.
Ці ў беларусаў засталіся надзеі на перамены ў краіне? Ці захаваўся іх баявы дух? Адказы на гэтыя пытанні даў адзін з арганізатараў Маршу – Ян Маркаў.
– Зразумела, што час ідзе і надзеі на хуткія перамены не апраўдаліся. Многія, хто экстрана з’язджалі з краіны, яны планавалі вярнуцца праз некалькі месяцаў, можа праз год. Але прайшло два гады, і было бачна, што цягам гэтага часу ў многіх людзей знікаў энтузіязм. Але ж на сённяшняй акцыі было такое ўражанне, што мы зноў у Менску, што людзі нікуды не дзеліся, настрой гэткі ж самы, і людзі гатовыя да змагання.
Марш Годнасці завяршыўся мітынгам на Рынкавай плошчы і хвілінай маўчання ў памяць загінулых з рэжымам Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя.