Літва працягне выдаваць візы беларусам, якіх пераследуе рэжым



Міністэрства замежных спраў Літвы ў афіцыйнай заяве зняпраўдзіла інфармацыю аб тым, што людзі, якія ўцякаюць з краінаў з таталітарным рэжымам, не могуць трапіць у Літву. У МЗС Літвы запэўнілі, што працягнуць выдаваць візы беларусам, якім пагражае небяспека на радзіме.

Як адзначаецца ў паведамленні: «Пасля падзеяў у жніўні 2020 году ў Менску Вільня стала найважнейшым цэнтрам дзейнасці беларускай грамадзянскай супольнасці. Дзясяткі беларускіх НДА і арганізацый грамадзянскай супольнасці, актывісты і незалежныя журналісты, якія не могуць працаваць у Беларусі, размясціліся ў Літве».

У ведамстве адзначылі, што на патрабаванне ўладаў Беларусі штат амбасады ў Беларусі быў скарочаны да аднаго супрацоўніка, а генконсульства ў Гародні — закрытае, а гэта істотна абмяжоўвае магчымасці выдачы візаў беларусам.