Кавалеўскі сустрэўся з кіраўніком аддзела па справах Беларусі пасольства ЗША ў Літве



У Вільні адбылася сустрэча прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па міжнародных адносінах Валера Кавалеўскага з Пітарам Каўфманам, новапрызначаным кіраўніком аддзела па справах Беларусі ў амбасадзе ЗША ў Літве, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Гэтая размова стала першай афіцыйнай сустрэчай Кавалеўскага ў новай якасці.

Абмеркаваныя тэмы актывізаванага палітычнага працэсу сярод дэмакратычных сілаў Беларусі, у прыватнасці, вынікі Канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла 8-9 жніўня ў Вільні, і галоўнае рашэнне дэмакратычных сілаў аб стварэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Амерыканскаму боку была прадстаўленая падрабязная інфармацыя пра канцэпцыю і мэты Кабінета, таксама задачы яго чальцоў.

Была закранутая ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, рызыкі для незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь ад удзелу рэжыма ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і пазіцыя міжнароднай супольнасці па гэтай праблеме. 

Пацверджаная гатоўнасць да супрацоўніцтва па падтрымцы імкнення беларусаў да дэмакратычных зменаў.