Судзяць журналіста Дзяніса Івашына (абноўлена)
15 жніўня пачаўся працэс над журналістам Дзянісам Івашыным. Суд праходзіць ў закрытым рэжыме ў будынку Гарадзенскага абласнога суда. Судовы працэс вядзе суддзя Валерый Раманоўскі.
На суд прыехалі замежныя дыпламаты – прадстаўнікі ЕЗ, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, – пра гэта паведамілі праўладныя каналы.
Дзяржаўная лукашэнкаўская прапаганда зляпіла ачарняльны відэаролік, у якім бэсціць самога Івашына і заходніх дыпламатаў, якія прыехалі на працэс.
***
Радыё Свабода паразмаўляла з былым сукамэрнікам журналіста.
Сяргей (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) прыгадаў момант, калі Дзяніса Івашына толькі перавялі да іх у камэру.
«Звычайна ў вязьняў па два кэшары (торбы з рэчамі. — РС). „Палітыкі” (вязьні, якіх пасадзілі з палітычных матываў. — РС) часьцей маюць толькі адну торбу, бо іх часта перакідваюць з камэры ў камэру. Івашын зайшоў з трыма торбамі і папрасіў мяне дапамагчы іх занесьці. Адна зь іх была непад’ёмная. Там у яго захоўваліся рукапісы, кнігі і лісты падтрымкі», — кажа Сяргей.
Ён кажа, што Дзяніс шмат чаго запісваў. Прыкладам, калі чуў цікавыя гісторыі ад сукамэрнікаў, мог адкласьці яду і ўзяцца за асадку.
«Ён мае аўтарытэт і сярод „палітыкаў”, і сярод звычайных зэкаў. Такіх, як ён, адзін на тысячу. Калі вязьням прапаноўваюць прызнаць віну і абяцаюць скараціць тэрмін напалову, то большасьць так і робяць. Дзянісу спачатку пагражала 3 гады калёніі, потым яму дакінулі артыкул аб „здрадзе” да 15 гадоў калёніі, а ён усё роўна адмаўляецца пісаць „пакаяньне”, маўляў, рабеце, што хочаце, а праўда на маім баку і я буду далей рабіць, што рабіў», — расказвае Сяргей.
Чуткі пра Івашына ходзяць ці па ўсёй турме як пра нязломнага і ідэйнага.
«Яго не пераносяць *** (супрацоўнікі турмы. — РС). Яму помсьцяць, як могуць. Прыкладам, ладзяць „вэрталёты” — перакідваюць з камэры ў камэру з усімі рэчамі кожныя некалькі гадзін. Гэта ж цяжка — прыстасоўвацца да новага калектыву. Дык толькі ён пазнаёміцца і крыху прывыкне, як яго зноў „кілішуюць” (перасяляюць у іншую камэру. — РС)», — расказвае былы вязень.
Са словаў суразмоўцы, Івашын заўжды перад ядой робіць знак крыжа і моўчкі моліцца, нават калі надта галодны. Мае пры сабе драўляны крыж і ўніяцкую Біблію. Дзяніс — вернік Грэка-каталіцкай царквы.
«Ён вельмі кахае жонку і любіць сала», — коратка падсумаваў партрэт Івашына сукамэрнік.
Як расказала жонка Дзяніса Вольга Івашына, сваякі ня ведаюць дэталяў справы. Справу будуць разглядаць у закрытым рэжыме ў будынку Горадзенскага абласнога суду, бо «будуць разглядаць дзяржаўныя тайны».
«Адкуль толькі Дзяніс узяў гэтыя таямніцы, ня ведаю», — іранічна заўважае Вольга, бо муж рабіў журналісцкія расьсьледаваньні на інфармацыі з адкрытых крыніц, дасяжных усім.
Наколькі ведае жонка, настрой у Дзяніса бадзёры, ён ужо ачуняў пасьля перанесенай у турме інфэкцыі. Ён верыць, што неўзабаве ўсе палітвязьні выйдуць на волю. Вольга кажа, што Дзяніс меркаваў, што вайна Расеі з Украінай пачнецца ў 2023 годзе. Раз вайна пачалася раней, то, на думку Дзяніса, і рэжымы Пуціна і Лукашэнкі абваляцца раней.
«Яму больш за ўсё шкада часу, што мог бы нешта карыснае рабіць, а не сядзець за кратамі», — дадае Вольга.
Ліставаньне з Івашыным вельмі слабое. У сярэднім даходзіць адзін ліст на месяц у абодва бакі (яму і ягоным сваякам).
«З шчырай і моцнаю вераю йдзем наперад і рушым упэўненым крокам у будучыню. Насуперак панадпрыродным выклікам, пагрозам, моцнаму штармавому ветру — крочым непахісна, упарта й рашуча. Не адхіляемся ад шляху праўды, ісьціны, ахвярнае Веры», — напісаў Дзяніс у адным з апошніх лістоў да жонкі Вольгі.
Дзяніс прасіў прывітаць ад ягонага імя ня толькі сяброў і знаёмых, але і «сяброў-абаронцаў», пэўна, кажучы пра абаронцаў Украіны.
* * *
Сёння пачнецца суд над журналістам Дзянісам Івашыным. Стала вядома, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Суд спаслаўся на тое, што будуць разглядаць „дзяржаўныя таямніцы”.
КДБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскай выведкай. Спачатку журналіст праходзіў падазраваным паводле артыкулу „Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў”. Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і паводле ч. 1 арт. 356 КК „Здрада дзяржаве”. На падставе гэтага артыкулу журналісту пагражае ад 7 да 15 гадоў няволі.
Судовы працэс будзе весці яго будзе суддзя Валерый Раманоўскі.
Дзяніс Івашын – гарадзенскі журналіст, вядомы расследаваннямі пра ўдзел беларускіх сілавікоў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў складзе прарасейскіх фармаванняў, а таксама пра лёс чальцоў „Беркуту”, якія ўцяклі з Украіны і служаць у АМАПе Беларусі.