Ніка Кашэвадзэ: Дзеці тых, хто ваяваў за Грузію ў 1992-м, цяпер ваююць за Украіну
Вялікая сумесная грузінска-украінская акцыя адбылася ўвечары 14 жніўня 2022 года ў грузінскім Батумі. Грузіны ўзгадвалі падзеі 1992 году, калі распачалася вайна ў Абхазіі, а ўкраінцы патрабавалі вызваліць абаронцаў «Азоўсталі».
Пра акцыю распавядае палітык Ніка Кашэвадзэ:
-14 жніўня пачалася вайна паміж Расеяй і Грузіяй, але яна пачалася на тэрыторыі Абхазіі. Гэта частка Грузіі, яна заўсёды была і будзе часткай Грузіі. Гэтая вайна цягнецца ўжо 30 гадоў. Да гэтага часу 20% Грузіі акупаваныя Расеяй. І мы, грузіны, ведаем, як гэта, калі ў цябе забіраюць кавалак душы. І тыя героі, якія змагаліся і загінулі за сваю Радзіму, іх дзеці і ўнукі змагаюцца зараз за Украіну. Тысячы грузінскіх дабраахвотнікаў. Яны для нас героі, яны працягваюць тую вайну, якая пачалася 30 гадоў таму.
Па словах палітыка, акцыя на батумскай плошчы Еўропы будзе адбывацца і далей, кожны дзень увечары а 19-й гадзіне:
-Стараемся дапамагчы, адпраўляем ва Украіну дабрачынную дапамогу. Гэта вельмі важна, бо мы кожны дзень бачым усё новыя твары, да нас далучаюцца людзі, яны ўдзячныя нам.
На акцыі таксама выступалі і ўкраінскія, і беларускія актывісты, якія штодня з пачатку вайны ва Ўкраіне знаходзяцца на плошчы.
Беларускае Радыё Рацыя