Тыкоцін, які вабіць турыстаў



Прыцягальнай турыстычнай цікавосткай Падляшша з’яўляецца невялікі гарадок Тыкоцін, які ляжыць у 30 кіламетрах ад Беластока на беразе ракі Нараў. Турыстаў сюды вабяць не толькі прыгожыя краявіды і адмысловая местачковая атмасфера, але і каралеўскі замак.

Замак у Тыкоціне быў пабудаваны ў XV стагоддзі на правым беразе ракі. За часамі сацыялістычнай Польшчы тут папрацавалі меліяратары, і рэчышча ракі выпрасталі. Цяпер Нараў ад замка знаходзіцца на добрай адлегласці.

Замак неаднойчы перабудоўвалі. Ён быў пашыраны для караля Зыгмунта Аўгуста, каб выконваць ролю каралеўскай рэзідэнцыі. Тут змяшчаўся галоўны каронны арсенал, скарбніца і бібліятэка, прыведзеная з Вільні. Акружаны бастыёнамі і фартыфікацыямі замак быў у XVI і XVII стст. адной з самых магутных нізінных крэпасцяў у Польшчы.

У 1658 годзе кароль Ян Казімір перадаў Тыкоцін ва ўладанне гетману Стэфану Чарнецкаму, у знак прызнання яго заслуг у вайне супраць шведаў. Унук Чарнецкага, Ян Клеменс Браніцкі, перабудаваў горад, надаўшы яму урбаністычную форму.

Браніцкія стварылі сваю рэзідэнцыю ў Беластоку, таму замак аказаўся ім непатрэбны. Яго загадалі разабраць на будматэрыялы і пабудаваць у Тыкоціне касцёл Святой Троіцы, які захаваўся да нашых дзён і з’яўляецца галоўным упрыгожаннем горада.

У1990 годзе бізнэсмэн Яцэк Назарка вырашыў укласці сродкі ў рэканструкцыю старажытнага замка. Менавіта гэты будынак паўстае зараз перад турыстамі.

Беларускае Радыё Рацыя