Жыхара Ваўкавыска асудзілі за абразу Лукашэнкі, Шведа і Эйсмант
Чатыры гады „хатняй хіміі” і штраф у 32 000 рублёў — такі прысуд атрымаў 40-гадовы жыхар Ваўкавыска. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Як заявіла следства, мужчына з лістапада 2021 года пакідаў абразлівыя каментары пад публікацыямі ў „дэструктыўных Telegram-каналах”. Ягоныя заўвагі закраналі не толькі Лукашэнку, але таксама яго прэс-сакратар Наталлю Эйсмант і генпракурора Андрэя Шведа. Падчас следства і на судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Яшчэ да суда ён пералічыў па пазове генпракурора 10 тысяч рублёў на разліковы рахунак Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна Мінска. Таксама ён добраахвотна пералічыў той самай установе дадаткова яшчэ 10 тысяч рублёў — каб загладзіць шкоду. Суд пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон, з якога жыхар Ваўкавыска пісаў каментары.