Алена Маслюкова: Краіна коціцца ў бездань гвалту
Дыктатарскі рэжым у Беларусі працягвае нішчыць беларускі народ. Законы даўно не дзейнічаюць. Адзіным законам у Беларусі з’яўляецца Лукашэнка, якому, дарэшты, па яго словах, цяпер не да законаў.
„Госця Рацыі” праваабаронца Алена Маслюкова:
– Калі верыць афіцыйнай прапагандзе, то на дадзены момант заведзена 11 тысяч крымінальных спраў. Ці верым мы ў гэтую лічбу? Не магу сказаць, думаю, што гэта перабольшванне. Робіцца гэтае перабольшванне дзеля таго, каб стварыць яшчэ больш напружаную сітуацыю ў Беларусі і яшчэ больш людзей запалохаць да такога стану, каб людзі ўвогуле перасталі думаць пра тое, што адбываецца, казаць пра тое, што адбываецца, выказваць сваю нязгоду з гэтым рэжымам, які зараз узмацняецца. Насамрэч мне падаецца, што зараз такая сітуацыя ёсць толькі выключна таму, што ўлады самі вельмі баяцца. Гэта мне нагадвае старога сабаку, якога раззлавалі і стараецца ўкусіць. Гэта прыкладна такая сітуацыя, хаця канешне разнявольвацца не даводзіцца.
РР: Апошнім часам у асноўным прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.
– Каб рэжым адчуваў сябе спакойна, яму трэба стварыць вось гэтую сітуацыю гвалту. Большасць заведзеных крымінальных спраў – гэта фактычна фальсіфікаваныя справы, „прыцягнутыя за вушы”. Зараз назіраючы за тым, што адбываецца, напрыклад, у тым жа самым Гомельскім рэгіёне, то бок у нас пайшлі новапрынятыя артыкулы, 361-я за тое, што ты сфатаграфаваў вайсковую тэхніку, якая ехала па вуліцах Гомеля, Мазыра, Рэчыцы. Нідзе ж не напісана, што забаронена рабіць гэтыя фотаздымкі. Якая розніца, дзе гэтыя фотаздымкі або відэа былі апублікаваныя. Гэта звычайна выклікае цікавасць, калі ідуць людзі і бачаць тэхніку. Здымаюць і што? Нават калі яе публікуюць, якую шкоду нанёс чалавек? Калі чалавек на сваёй старонцы выказаў сваё меркаванне, то чаму за гэта павінна быць крымінальная адказнасць. Калі чалавек сказаў „Не вайне”, то што кепскага сказаў чалавек? Нічога. За што заводзяць крымінальную справу? Абсалютна не зразумела. Калі глядзіш на Беларусь, то гэта як „Аліса ў залюстроўі”. Законапаслухмяны народ, вельмі культурны, цывілізаваны, адукаваны, у цэнтры Еўропы, абсалютна нечакана пераўтвараецца ў экстрэмістаў, тэрарыстаў і яшчэ кагосьці такой плынню, што проста пачынаеш задавацца пытаннем „Дык хто ж тут сапраўдны экстрэміст у гэтай краіне”?
РР: Колькі агулам пасадзілі людзей за гэтыя два гады?
– Калі казаць толькі пра Светлагорскі раён, то ў нашай філіі ўжо зафіксавана як мінімум 13-ць крымінальных спраў палітычнага характару. Адзін чалавек ужо быў памілаваны – выйшаў, адна жанчына адбывае на хатняй хіміі сваё пакаранне, астатнія 11-ць альбо адбываюць у папраўчых установах адкрытага тыпу, што ў народзе называецца „хіміяй”.
З „Госцяй Рацыі” Аленай Маслюковай размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя