Пра беларускі таталітарызм
Беларускія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што неўзабаве кандыдаты на начальніцкія пасады ў дзяржсектары будуць праходзіць праз дадатковы фільтр. Гаворка ідзе пра інавацыйную сістэму кампутарнага распазнавання твараў, якая будзе высвятляць, ці не быў заўважаны прэтэндэнт на антыўрадавых акцыях пратэсту. Сярод магчымых распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння – шэраг расейскіх кампаній. Калі ўлічыць рэаліі жорсткай кантрактнай сістэмы, а таксама практыку рэалізацыі некаторых палажэнняў Дэкрэта №6 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”, то можна зрабіць выснову пра далейшыя ўмацаванні таталітарных тэндэнцый у дзяржаве. Згодна згаданаму Дэкрэту №6, які быў падпісаны ў канцы 2021 года ў разгар тэрору супраць апанентаў улады, пры працаўладкаванні грамадзян у дзяржаўныя органы патрэбна прадаставіць характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы. Таксама вывучаюцца дадзеныя пра правапарушэнні і затрыманні на пратэстовых мітынгах. Падобны падыход, на думку ўладаў, мусіць запабегчы ўладкаванню на ключавыя пасады нелаяльных людзей, якія могуць праявіць сваю нязгоду ў крытычны момант. Відавочна, распрацоўка дэкрэта была абумоўленая страхам улады адносна расколу вертыкалі і страты падтрымкі аднаго з апірышчаў рэжыму — чынавенства. Улада Аляксандра Лукашэнкі ўтрымалася ў 2020 годзе ў тым ліку дзякуючы таму, што чыноўнікі ў асноўнай масе засталіся вернымі свайму гаспадару. Аднак дэмарш дзясяткаў вядомых чыноўнікаў нанёс велізарную траўму рэжыму, які дагэтуль не можа ачомацца ад таго, што некаторыя ўплывовыя людзі з блізкага атачэння кіраўніцтва краіны занялі бок пратэстоўцаў. Такім чынам, улада цудоўна ўсведамляе небяспекі, якія сыходзяць ад нелаяльных чыноўнікаў, таму намагаецца зрабіць усё, каб не паўтарыўся сцэнар 2020 года. І адна з мер па недапушчэнні такой сітуацыі — гэта ўвядзенне практыкі кампутарнага распазнавання твараў прэтэндэнтаў на пасады.
Увядзенне дадатковых мер кантролю за патэнцыйнымі кандыдатамі ў чыноўнікі – гэта такі галоўны трэнд беларускай сістэмы ўлады, якая не давярае ўласнаму насельніцтву і праводзіць палітыку ўнутранай каланізацыі. У нечым падыходы да фармавання лаяльных эліт нагадваюць метады кантролю за грамадзянамі ўйгурскай нацыянальнасці ў кітайскай правінцыі Сіньдзян, дзе, у залежнасці ад ступені лаяльнасці, жыхарам выдаюць розныя ID-карткі. Без наяўнасці гэтых сродкаў ідэнтыфікацыі уйгуры не могуць нават выйсці за межы аднаго раёна горада ў іншы. Паўсюль яны мусяць прыкладаць карты да спецыяльных уладкаванняў, якія счытваюць інфармацыю. Калі загараецца зялёнае святло, уладальнік карткі можа ісці па сваім маршруце. Калі “чырвонае”, то хутка пад’язджае паліцыя і ўвозіць няшчаснага ў так званыя папраўчыя лагеры, дзе людзям распавядаюць пра перавагі жыцця ў сучасным Кітаі, поспехі эканомікі і магутную армію. Кожны метр гарадскіх тэрыторый, дзе кампактна пражываюць уйгуры, праглядаецца дзясяткамі відэакамер. Ад гэтага паноптыкума немагчыма схавацца нідзе, нават у грамадскіх прыбіральнях, дзе для атрымання паперы трэба падставіць твар да прылады, каб яго ідэнтыфікавала спецыяльная камп’ютарная праграма. Такім чынам, па аналогіі з палітыкай КНР у правінцыі Сіньдзян, беларускі рэжым не пераймаецца пытаннем вяртання легітымнасці, а скіроўвае ўсе рэсурсы на пабудову таталітарнага ладу, у якім нелаяльным грамадзянам адведзенае месца ў маргінэсе соцыюма і на самым нізе піраміды ўлады.