Пра новую жалезную заслону



Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у інтэрв’ю ўплывоваму выданню Politico агучыў меркаванне адносна забароны на візы для расейцаў. Высокапастаўлены чыноўнік заявіў, што візавы бан расейцаў будзе эфектыўным, калі ўсе краіны ЕЗ аднагалосна анулююць выдадзеныя раней шэнгены і забароняць выдачу новых. “Пачынаючы з гэтага моманту, трэба сказаць яснае “не” турыстам з РФ і Беларусі”, — зазначыў міністр замежных справаў Літвы. У развіццё сваёй думкі ён дадаў, што Еўропа павінна падтрымліваць тых, каму патрэбны “прытулак, а не адпачынак”. Такім чынам, мы бачым, што краіны ЕЗ, адна за іншай, паступова пачынаюць прыходзіць да высновы пра неабходнасць закрыцця ўсходняга кардону для грамадзянаў РФ і РБ. Пакуль што такую ідэю ў асноўным прасоўваюць краіны, якія непасрэдна мяжуюць з Расеяй і Беларуссю. Дыяметральна супрацьлеглую пазіцыю выказваюць буйныя дзяржавы ЕЗ, у якіх дзесяцігоддзямі РФ рэалізоўвала свае інвестыцыйныя і іншыя бізнес-праекты, дзе заможныя грамадзяне РФ набывалі маёмасць і праводзілі адпачынкі. Што праўда, кіраўніцтва краін ЕЗ, якія выступаюць супраць візавых абмежаванняў для грамадзян Беларусі і Расеі, тлумачаць гэта гуманітарнымі матывамі. Такім чынам, на дадзены момант сярод краін-чальцоў ЕЗ далёка ад адзінай пазіцыі адносна забароны на выдачу віз для грамадзян краін-агрэсараў. Аднак, як паказвае практыка, настойлівасць прыносіць часта свае вынікі. Адпаведна, тэндэнцыя на візавыя абмежаванні будзе набіраць моц да моманту, пакуль астатнія краіны не далучацца да рашэння аб ануляванні права на ўезд для жыхароў РФ і РБ.

Пазіцыя краін Балтыі ў пытанні забароны візаў цалкам зразумелая. Кіраўніцтва Эстоніі, Латвіі і Літвы абапіраюцца не толькі на пачуццё салідарнасці з Украінай, але і сыходзяць з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, паколькі цалкам імаверна, што пад выглядам натоўпаў турыстаў з РФ і РБ могуць пранікнуць дыверсанты і правакатары спецслужб. Ва ўмовах вялікай вайны, якая ідзе паўгода ў нашай частцы Еўропы, такія захады выглядаюць цалкам рацыянальнымі. Разам з тым, гэтае рашэнне, калі будзе прынятае на ўзроўні ўсяго ЕЗ, драматычным чынам адаб’ецца на нязгодных з палітычнымі рэжымамі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі грамадзянах РФ і РБ. Па сутнасці, людзі, якія з’яўляюцца ахвярамі агрэсіўных аўтарытарных рэжымаў, не змогуць знайсці прытулку ў бяспечных месцах. Больш за тое, для многіх людзей закрыюцца шляхі жыцця, што можа прывесці да трагедый дзясяткаў тысяч прадэмакратычных жыхароў РФ і Беларусі. У выпадку з нашай краінай немагчымасць атрымання Шэнгена азначае, што беларусы будуць дыскрымінаваныя, а нашая краіна трапляе аўтаматычна ў яшчэ большую залежнасць ад РФ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ