Вайна ва Украіне: полк Каліноўскага паведаміў пра раскол
Полк Каліноўскага паведаміў пра раскол у падраздзяленні. З Узброеных сіл Украіны („а, такім чынам, і з палка”) „рашэннем камандавання воінскай часткі” быў звольнены камандзір батальёна „Тэрор” з пазыўным „Вараг”. Але з гэтым не пагадзіліся байцы, і іх „адасобілі ад палка з захаваннем за сабой назвы падраздзялення „Тэрор”.
У палку Каліноўскага застаецца батальён „Волат” і батальён „Ліцьвін”, які яшчэ фармаваўся.
Тым часам, у Харкаве ўсталявалі першы прыпынак-сховішча. Там могуць знаходзіцца ў бяспецы пасажыры ў чаканні прыбыцця грамадскага транспарту. У сховішчы 12 месцаў і экран з камерамі відэаназірання. Усталяваная скрыня з пяском для ліквідацыі магчымых узгаранняў. Жалезабетонныя прыпынкі-сховішчы будуюць з-за рэгулярных расейскіх абстрэлаў горада. Іх змяшчаюць побач са звычайнымі прыпынкамі.
Беларускае Радыё Рацыя