Дзеці з рэпрэсаваных беларускіх сем’яў атрымалі падарункі да школы



21-га жніўня ў Беларускі Дом у Варшаве былі запрошаны дзеці з рэпрэсаваных беларускіх сем´яў у Польшчы для ўручэння падарункаў да школы. У святочнай атмасферы ім былі ўручаны заплечнікі з рознай канцылярыяй, неабходнай для навучальнага года.

Акцыю дапамогі са зборам беларускіх дзетак у школу Беларускі Дом арганізоўвае ў супрацы з Rotary Club ужо другі год, кажа кіраўнік Дому Алесь Зарэмбюк:

– Разам са спадарыняй прадстаўніцай Rotary Club (Вісбадэн) Марынай Грушавой і прадстаўніком Rotary Club (Варшава) Аляксандрам Хейнэльтам другі год арганізоўваем гэтае мерапрыемства. Яно неабходнае для тых беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь па палітычных прычынах.

Бацькі вельмі ўдзячны ўсім, хто спрычыніўся да гэтай акцыі. Бо дапамога па зборы дзяцей у школу для многіх вельмі своечасовая, кажа Зміцер Бартосік:

– Я вельмі ўдзячны такой ініцыятыве, якую зрабіў Беларускі Дом сумесна з Rotary Club. Адна справа калі ты імігруеш адзін ці з жонкай маладой і зусім іншая справа, калі ты імігруеш з дзецьмі. Тут любая дапамога на вагу золата.

Было закуплена 330 заплечнікаў. Асноўную ролю па зборы сродкаў узяла на сябе прафесар эканамічных навук універсітэта ў Візбадэне Марына Грушавая – дачка вядомага заснавальніка фонда „Дзеці Чарнобыля” Генадзя Грушавога, які ў 2014 годзе адышоў у лепшы свет.

Рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.

Акрамя падарункаў, дзеці з бацькамі маглі папіць гарбаты з печывам, пачаставацца рознымі прысмакамі і садавінай. Бацькі размаўлялі, а дзеці бавілі час сумеснымі гульнямі.

Беларускае Радыё Рацыя