Пра псеўдагеніяў з прафсаюзаў



Дзяржаўныя прафсаюзы даўно не займаюцца тым, чым павінныя. А менавіта абаронай правоў працоўных. Увогуле, мала зразумела, чым яны займаюцца і навошта яны патрэбныя. Вось чым займаюцца дзяржаўныя прафсаюзы, хтосьці ведае? Сумняюся. Часам падаецца, прафсаюзы і самі не ведаюць, для чаго яго патрэбныя. Яшчэ менш зразумела, навошта праводзіць і выдаткоўваць дзяржаўныя сродкі на правядзенне розных турзлётаў для арганізацыі, якая ні для чаго не патрэбная.

Аднак у Беларусі прафсаюзы не толькі ездзяць на розныя турзлёты, мэта якіх таксама малаўцямная, як і саміх прафсаюзаў. Але яны досыць дзіўна, мякка кажучы, афармляюць свае пляцоўкі падчас турзлётаў. Вось, напрыклад, нядаўна прайшоў турзлёт прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый. І адна з каманд аформіла сваю пляцоўку пад ГУЛАГ. Калі камусьці гэта падаецца смешным, то ўявіце, каб які-небудзь еўрапейскі прафсаюз аформіў бы сваю пляцоўку пад Аўшвіц. Ды гэта быў бы такі скандал, пасля чаго многія прафсаюзнікі мусілі б надоўга забыцца на сваю грамадскую кар’еру. Не кажучы ўжо пра іншыя наступствы. А ў Беларусі ўсё ў парадку. Нейкі пасеўдагеній падумаў, што смяцца з рэпрэсаваных – гэта крута. То бок расстрэлы, катаванні ў ГУЛАГах, разбураныя сем’і, дзеці, якія засталіся без арыштаваных бацькоў, жыццё ў ГУЛАГу – усё гэта вельмі весела для прафсаюзнікаў. Пра эмпатыю яны, канешне, не чулі. У прынцыпе, як і пра тое, што танцы на касцях – гэта не па-чалавечы. Увогуле з такімі геніямі прафсаюзнікам трэба пляцоўкі не пад турму рабіць, а пад палату №6.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ