Справу палітвязня Анатоля Латушкі перадалі ў суд



Пракуратура Цэнтральнага раёна Менску накіравала ў суд крымінальную справу ўдзельнікаў пратэснага руху Анатоля Латушкі, Алены Маліноўскай і Ліліі Ананян, паведамляюць праваабаронцы.

Іх абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: „хуліганства”, „перашкода ажыццяўленню права на ўдзел у рэферэндуме…” і „здзек з дзяржаўных сімвалаў”. Адзін з трох абвінавачваецца таксама ў „распаўсюдзе асабістай інфармацыі ва ўлётках” і „удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

Пра затрыманне пратэстоўцаў стала вядома 31 студзеня. У Латушкі (пры затрыманні яго збілі), Ананян і Маліноўскай прайшлі ператрусы. Сцвярджалася, што яны малявалі па трафарэце герб „Пагоня” на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома. Паводле звестак сілавікоў, яны пашкодзілі банеры з выявай міліцыянераў і спалілі дзяржаўны сцяг.

Анатоль Латушка — стрыечны брат Паўла Латушкі, былога міністра культуры, а цяпер — кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.