Вайна ва Украіне: у палку Каліноўскага папаўненне



181-ы дзень вайны. У склад палка імя Каліноўскага ўвайшла група беларускіх добраахвотнікаў, былых чальцоў «Антыаўтарытарнага атрада». «З першых дзён поўнамаштабнай вайны атрад прымае ўдзел у баявых дзеяннях», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы палка.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расея ператварыла анэксаваны ў 2014 годзе Крым на плацдарм для агрэсіі, тэрыторыю беззаконня і экалагічнай катастрофы.

З 24 лютага з акупаванага Крыма па гарадах і грамадах Украіны было запушчана 750 розных крылатых ракет. «Яны знішчылі, найменей, сотні цывільных аб’ектаў — школы, універсітэты, звычайныя жылыя будынкі, лякарні, і таму аднаўленне Украінай кантролю над паўвостравам Крым стане гістарычным антываенным крокам у Еўропе», — заявіў Зяленскі падчас другога міжнароднага форуму «Крымская платформа». Паводле яго, кантроль Украіны над Крымам будзе гарантаваць бяспеку, справядлівасць і рэінтэграцыю Крыма ў сучасны свет.

«Пасля дэакупацыі разам з усёй нашай дзяржавай (Крым) стане часткай Еўразвязу, я ў гэтым перакананы. Пашпарт грамадзяніна Украіны будзе і пашпартам Еўрапейскага звязу, і гэта каласальныя магчымасці для ўсіх нашых людзей, якія жывуць у Крыме», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

У сваю чаргу прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм’ер-міністр Канады Джастын Трудо і канцлер Нямеччыны Олаф Шольц падкрэслілі, што лічаць Крым часткай Украіны і падтрымліваюць дэакупацыю паўвострава. Палітыкі таксама заверылі, што прадоўжаць дапамагаць Украіне, у тым ліку і зброяй.

Беларускае Радыё Рацыя