Кіеўскае „Дынама” упершыню за тры гады прапусціць групавы этап Лігі чэмпіёнаў



Адбыліся матчы ў адказ раўнда плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Па выніках аднаго з іх стала вядома, што кіеўскае „Дынама” не здолела пераадолець кваліфікацыю ў групавы этап турніру. У раўндзе плэй-оф кіяўляне па суме дзвюх сустрэч буйна саступілі лісабонскай «Бенфіцы». У першым матчы, які адбыўся 17 жніўня ў Лодзі падначаленыя Мірчы Лучэску прайгралі з лікам 0:2. А сустрэча ў адказ адбылася напярэдадні ў Лісабоне і завяршылася разгромнай перамогай гаспадароў поля з лікам 3:0. Такім чынам, „Дынама” упершыню за тры гады не здолела прабіцца ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Апошні раз кіяўляне не кваліфікаваліся ў асноўную стадыю турніру ў 2019 годзе – тады ў трэцім раундзе кваліфікацыі яны прайгралі бельгійскаму «Бруге» 3:3, 0:1. 

А вось ізраільскі „Макабі” ўпершыню з 2009 года трапіў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ раунда плэй-оф кваліфікацыі дзеючы чэмпіён Ізраіля згуляў унічыю з «Црвенай Звездай» 2:2. „Макабі” прайшоў далей, паколькі ў першым матчы перамог на сваім полі з лікам 3:2. Футбалісты азербайджанскага „Карабаха” пасля нічыі у Баку выйгравалі ў Пльзене ў чэшскай „Вікторыі” 1:0, але не ўтрымалі перавагу, прапусціўшы два мяча ў другім тайме, – 1:2 – „Вікторыя” выйшла ў групавы этап.

Сасновіч прайшла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Кліўлендзе

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч стала чвэрцьфіналісткай турніру ў амерыканскім Кліўлендзе з прызавым фондам 251 тысяча даляраў. Беларуска, якая займае 36-е месца ў сусветным рэйтынгу, у 1/8 фіналу адолела ў зацяжным трохсэтавым паядынку 46-ю ракетку планеты іспанскую тэнісістку Сару Сарыбес-Торма – 4:6, 6:3, 6:3. Сустрэча доўжылася 2 гадзіны 35 хвілін. Яшчэ адна беларуска Ірына Шымановіч у 1/16 фіналу саступіла расійскай тэнісістцы Людміле Самсонавай – 1:6, 0:6.

Грэцкі стаў гульцом хабараўскага „Амура”

Беларус Вячаслаў Грэцкі падпісаў двухбаковае пагадненне з клубам Кантынентальнай хакейнай лігі „Амур”. У перадсезонных матчах за „Амур” Грэцкі закінуў дзве шайбы, адна з якіх стала пераможнай, і пасля заканчэння выпрабавальнага кантракта кіраўніцтва „тыграў” прапанавала беларусу паўнавартаснае пагадненне. Мінулы сезон 25-гадовы нападнік правёў у беларускай экстралізе ў складзе гарадзенскага „Нёмана”, за які набраў 35 (19+16) ачкоў у 53 сустрэчах рэгулярнага чэмпіянату і 6 (2+4) балаў у 11 паядынках плэй-оф. Таксама на рахунку Вячаслава Грэцкага ёсць вопыт выступаў у Кантынентальнай хакейнай лізе за мінскае „Дынама”, у сезоне 2019/20 гарадзенец правёў у форме „зуброў” 19 матчаў і трапіў на Матч усіх зорак КХЛ. Акрамя таго, у актыве форварда два матчы ў складзе нацыянальнай каманды Беларусі. Раней кантракт з хабараўскім „Амурам” падпісаў іншы беларускі хакеіст Яўген Аксенцюк.

Ф’юры хоча атрымаць за тытульны бой з Вусікам не менш за 150 мільёнаў еўра

Чэмпіён WBC у цяжкай вазе Тайсан Ф’юры гатовы вярнуцца ў рынг, каб пабіцца з чэмпіёнам свету па версіях WBA, WBO і IBF украінцам Аляксандрам Вусікам. Брытанец хоча атрымаць за гэта не менш за 150 мільёнаў еўра. У красавіку пасля перамогі над Дыльянам Уайтам брытанец аб’явіў аб завяршэнні кар’еры, але пагадзіўся вярнуцца пасля таго, як Аляксандр Вусік у рэваншы перамог паасобным рашэннем суддзяў Энтані Джошуа. Паведамлялася, што бой Ф’юры і Вусіка за званне абсалютнага чэмпіёна ў цяжкай вазе можа адбыцца 17 снежня ў Саудаўскай Аравіі.

Беларускае Радыё Рацыя