Прызначылі дату суда над палітзняволенай Ксеніяй Луцкінай



1 верасня ў Менскім гарадскім судзе пачнецца працэс над былой журналісткай Белтэлерадыёкампаніі Ксеніяй Луцкінай, паведамляюць праваабаронцы „Вясны”.

Разглядаць справу будзе суддзя Таццяна Фалькоўская. Луцкіну затрымалі ў Менску 22 снежня 2020 года. Больш за паўтара года яна знаходзіцца ў СІЗА №1. Яе вінавацяць паводле часткі 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Вядома, што за час знаходжання за кратамі ў Луцкінай моцна пагоршала здароўе. У яе абвастрылася бранхіяльная астма, таксама паведамлялася, што павялічваецца пухліна ў мозгу. У 2014-м жанчыне зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны.