Хто купіць 25% акцый „Азоту”?



За зачыненымі дзвярамі адбываюцца перамовы па продажу часткі дзяржаўнага пакета акцый адкрытага акцыянернага таварыства „Гародня Азот”. Кіраўніцтва канцэрна „Белнафтахім” не агучвае прэтэндэнтаў на набыццё 25% акцый, якія прапануюцца да продажу ў індывідуальным парадку паводле наўпроставых перамоваў без правядзення конкурсу.

Стартавы кошт акцый складае 414 мільёнаў даляраў, што на думку намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсюзаў Сяргея Антусевіча і з’яўляецца галоўнай перашкодаў для інвестараў:

– Заводу 50 год – рэканструкцыя ці будаўніцтва вытворчасці адбывалася напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Натуральна, што там ёсць пэўныя ўкладанні і абнаўленне асноўных сродкаў, але тым не менш – гэта састарэлыя тэхналогіі, гэта старая вытворчасць. У прынцыпе ўсё трымаецца на „Азоце”, на прафесійных кадрах работнікаў, якія кожны дзень працуюць і ведаюць сваю працу.

У статутным капітале адкрытага акцыянернага таварыства „Гародня Азот” 99,97% акцый належаць дзяржаве і знаходзяцца ў аператыўным кіраванні канцэрна „Белнафтахім”. Беларускія ўлады шукаюць інвестара, які б меў уласныя газавыя рэсурсы па прыймальных коштах.

Зацікаўленасць да набыцця акцый аднаго з самых паспяховых прадпрыемстваў краіны выяўляюць такія расейскія кампаніі, як „Газпрам” і „Еўрахім”.

Беларуске Радыё Рацыя, Гародня