Ольштынскі замак вармінскага капітула
Гісторыя Ольштына шчыльна звязана з гісторыяй Варміі – гістарычнай вобласці на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. На працягу 6 стагоддзяў свайго існавання горад неаднаразова мяняў дзяржаўную і тэрытарыяльную прыналежнасць, на яго зямлі сціраліся і перапляталіся розныя этнічныя, культурныя і рэлігійныя ўплывы і традыцыі. Бадай што галоўным сведкам гэтых падзеяў з’яўляецца замак вармінскага капітула.
Першая згадка пра горад адносіцца да 1334 года, калі Генрых фон Лютар (Henryk von Luter) заснаваў ля выгібу ракі Лына на мяжы пушчы драўляную вартаўнічую вежу і даў ёй імя Аленштэйн.
Замак быў пабудаваны ў чатырнаццатым стагоддзі ў гатычным стылі. Яго пачалі будаваць у 1346 годзе і спачатку ён складаўся з аднаго крыла. Яго атачалі абарончыя сцены і роў. Патрапіць у замак можна было па развадным мосце.
Паўднёва-заходняе крыло замка было пабудавана ў пятнаццатым стагоддзі. Вежу ўзвялі ў сярэдзіне чатырнаццатага. Яна была перабудавана ў круглай форме ў пачатку шаснаццатага стагоддзя. Вышыня вежы 40 метраў. У гэты ж час сцены замка былі ўзняты на вышыню 12 метраў і дапоўнены другім поясам абарончых збудаванняў і ўмацаванымі вежамі.
Сцены замка былі аб’яднаны з гарадскімі сценамі і стварылі магутны бастыён для абароны Ольштына.
У перыяд 1516—1521 гадоў адміністратарам замка ў Ольштыне быў славуты Мікалай Капернік. Ён падрыхтаваў Ольштынскі замак для эфектыўнай абароны ад чаканага нападу з боку тэўтонскіх рыцараў (1521).
Сёння ў замку знаходзіцца рэгіянальны музей.
Беларускае Радыё Рацыя