Валянцін Таўлай па-украінску трапіць у музей
Жонка доктара філалагічных навук, паэта Міколы Арочкі (1930-2013) Марыя Іванаўна Арочка ў сваёй хатняй бібліятэцы адшукала зборнік вершаў Валянціна Таўлая (1914-1947) на ўкраінскай мове “Паэзіі”. Зборнік быў выдадзены ў Кіеве ў 1964 годзе. У ім змешчана 46 вершаў Валянціна Таўлая ў перакладзе на ўкраінскую мову, а таксама 4 паэмы: “Непераможная”, “Кобрыншчына”, “Песня пра сухар” і “Таварыш”. Творы Валянціна Таўлая перакладалі вядомыя ўкраінскія літаратары і перакладчыкі Уладзімір Сасюра, Павел Варанько, Рыгор Коваль, Барыслаў Сцепанюк, Уладзімір Лучук, Абрам Кацнельсон і іншыя.
Зборнік каштоўны яшчэ і тым, што на ім знаходзіцца аўтограф жонкі Валянціна Таўлая Лідзіі Сяргееўны Таўлай. Свой аўтограф яна адрасавала паэту Міколу Арочку, які ў 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Валянціну Таўлаю і яго традыцыі рэвалюцыйнай паэзіі. А пасля ў 1969 годзе ў Мінску ў выдавецтве “Беларусь” Мікола Арочка асобнай кнігай выдаў крытыка-біяграфічны нарыс “Валянцін Таўлай”. Лідзія Таўлай на ўкраінскім выданні “Паэзіі” Валянціна Таўлая напісала: “Паважанаму Міколу ад шчырага сэрца свайго і Валянціна ў дзень абароны дысертацыі за мужнасць даследчыка, які не збаяўся зазірнуць у таямніцы творчасці і з гонарам выканаў задуманае. 12.10.67 г. Л.Таўлай”.
У бліжэйшы час зборнік вершаў Валянціна Таўлая на ўкраінскай мове і з аўтографам жонкі паэта будзе перададзены ў Лідскі дом–музей Валянціна Таўлая.
Беларускае Радыё Рацыя