У Варшаве правялі акцыю „Павіншуй палітвязня з днём народзінаў”
28 жніўня ў музеі „Вольнай Беларусі” прайшла акцыя „Павіншуй палітвязня з днём народзінаў”.
Беларусы Варшавы збіраюцца штомесяц у апошнія дні, каб падпісаць паштоўкі тым, чый дзень народзінаў у наступны месяц.
28 жніўня павіншавалі 80 палітвязняў, якія нарадзіліся ў верасні, кажа мадэратар акцыі Юлія Сліўко:
– Каб ні адзін з нашых палітвязняў не застаўся адзін на адзін у гэты дзень. Гэта павінен быць радасны дзень, але такое вось адбываецца ў нашай краіне, не да радасці. Тым не менш мы хочам перадаць кропельку нашай салідарнасці, нашай дабрыні гэтым людзям.
Сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Алена Лапцёнак расказала ўдзельнікам акцыі пра тое, па якіх крытэрах вязні становяцца палітвязнямі, а таксама напомніла пра кіраўніка Вясны Алеся Бяляцкага, які ўжо другі раз знаходзіцца ў засценках рэжыму:
– Калі беларуская праваабарончая супольнасць робіць заяву і прызнае кагосьці палітвязнем, то яна ўжо гарантуе, што гэты чалавек сапраўды знаходзіцца там па палітычных матывах.
Каардынатар праекта „Напішы ліст палітвязню” Алена Панамарова паказала, як рабіць з паперы птушак – сімвалы свабоды – для ўкладання ў канверты з віншаваннямі. 80 чырвоных птушачак паляцяць да тых палітвязняў, хто нарадзіўся ў верасні.
Беларускае Радыё Рацыя