ВСУ пачалі контрнаступленне ў Херсонскай вобласці
Узброеныя сілы Украіны пачалі наступальныя дзеянні ў Херсонскай вобласці, 109-ы полк „ДНР” адышоў ад занятых пазіцый.
Пачатак аперацыі пацвердзіла кіраўніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк.
«Контрнаступленне працягваецца ўжо даўно – гэта знясіленне ворага і непрадастаўленне яму магчымасці прасоўвацца. А сёння мы пачалі менавіта наступальныя дзеянні па розных напрамках, у тым ліку ў Херсонскай вобласці», – заявіла Гумянюк у каментары suspilne.media.
Прадстаўніца Мінабароны заклікала дачакацца канца аперацыі.
«Навіна пра наступленне на паўднёвым напрамку ёсць, яна натхніла ўкраінцаў. Але зараз трэба разумець, што любыя дзеянні спачатку неабходна завяршыць, толькі тады яны будуць дзейснымі. Цяпер трэба пачакаць і зразумець правілы і паслядоўнасць дзеянняў ваенных падраздзяленняў», – заявіла Гумянюк на брыфінгу.
Аператыўная групоўка войскаў „Кахоўка” заявіла, што ў выніку дзеянняў украінскіх вайскоўцаў 109-ы полк так званай ДНР адышоў са сваіх пазіцый, расейскія дэсантнікі, якія падтрымлівалі полк, пакінулі поле бою. На Херсоншчыне пры дапамозе HIMARS удалося знішчыць амаль усе буйныя масты, што адрэзала расейскую армію ад паставак узбраення і асабовага складу з тэрыторыі Крыма.
29 жніўня ВСУ нанеслі ўдар Берыслаўскаму машынабудаўнічаму заводу ў Херсонскай вобласці, куды была сцягнутая ваенная тэхніка.