Дабрачынная акцыя для беларускіх школьнікаў у Беластоку
Дэпутат польскага сойма ад Падляшша – Роберт Тышкевіч сумесна з «Беларускім домам у Варшаве», фундацыяй «Тутака» і Беларускім саюзам у Польшчы зладзілі ў Беластоку дабрачынную акцыю па раздачы школьных заплечнікаў з прыладамі беларускім дзецям, якія воляю лёса апынуліся далёка ад Радзімы і неўзабаве пойдуць тут у школу.
Такая сумесная акцыя праводзіцца ўжо трэці год запар, каб дапамагчы беларускім уцекачам і нагадаць аб тых прычынах, чаму яны былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, адзначае кіраўнік парламенцкай польска-беларускай групы – Роберт Тышкевіч.
-Мы не можам забываць пра тое, што ў Беларусі працягваюцца жорсткія рэпрэсіі. Што тысячы людзей сядзяць у турмах, і дзясяткі тысяч выязджаюць з Беларусі, каб знайсці ў Польшчы спакой і ўмовы для жыцця, ратуючы свае жыцці, сваё здароўе, сваю свабоду. Сёння, калі ўсе позіркі свету звернутыя да Украіны, мы выразна мусім падкрэсліваць, што сярод нас ёсць беларусы, што суседскі нам народ таксама знаходзіцца пад расейскай агрэсіяй. У іншай форме, чым Украіна, але гэта таксама агрэсія, пры якой людзі ўцякаюць, і ім трэба дапамагаць.
Падобная дабрачынная акцыя ўжо прайшла ў Варшаве, зараз у Беластоку і чакаецца ў Кракаве ва Ўроцлаве – гарадах, дзе пасля 2020 года пражываюць самыя вялікія беларускія дыяспары ў Польшчы.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток