Ахоўны статус Белавежскай пушчы: козыр для турыстаў і праблема для мясцовых



Людзі – для пушчы. У Белавежы такі погляд выключэнне, а ахова і цікаўнасць да яе самая вялікая ў прыезжых. Зараз вартасць Белавежскай пушчы ацаніла ЮНЭСКА, прымаючы супольную заяву Беларусі і Польшчы ў справе надання ёй статусу прыроднай спадчыны чалавецтва. Гаворыць эколаг, грамадскі актывіст Януш Корбэль:

У выніку пратэстаў у мясцовых самаўрадах, акрамя намаганняў польскага ўрада, не атрымлівалася цягам апошніх гадоў павялічыць тэрыторыю Нацыянальнага парку. Па польскім баку гэта толькі 16% пушчы. І цяпер раптоўна свет вырашае, што гэта скарб чалавецтва, а перадусім скарб Польшчы.

Белавежская пушча ў спісе ЮНЭСКА суседнічае, напрыклад, з Гімалаямі. Пра значнасць гэтай спадчыны сведчыць і рэйтынг скарбаў, які часта ігнаруецца мясцовым грамадствам. Кажа грамадскі актывіст Мікалай Бушко:

Калі ўжо арганізацыя ЮНЭСКА бачыць вялікую ролю, значэнне пушчы, то гэта ў маштабе ўсяго свету. Мы ўсе павінны задумацца і зрабіць усё, каб пасля нас праз дзясяткі і сотні гадоў нашы нашчадкі атрымалі тое, што мы атрымалі ад сваіх продкаў. Гэта ж сапраўдны цуд.

Фрагменты Белавежскай пушчы знаходзяцца ў спісе ЮНЭСКА з 1979 года, аднак толькі тэрыторыя спецыяльнай аховы. Зараз у спісе чалавечай спадчыны знаходзіцца ўся пушча з беларускага і польскага боку.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота zhaba.ru