Батумі: вядомыя творы вулічнага мастацтва



На перыяд летніх адпачынкаў вялікая колькасць турыстаў наведвае Грузію. А самы вялікі горад на Чорным моры, куды прыязджаюць сотні тысяч турыстаў – гэта сталіца грузінскай Аджарыі – Батумі.

Паглядзець у гэтым горадзе, апроч мора, можна шмат цікавых аб’ектаў. І, зразумела, што ў гэтым горадзе шмат графіці. Творы вулічнага мастацтва ёсць як намаляваныя даўно, так і зусім нядаўна, літаральна год ці два таму.

Першым, і хіба самым знакамітым творам, з’яўляецца графіці, на якім намаляваны «Купата». Гэта неафіцыйны сімвал горада Батумі. «Купата» – гэта мянушка вулічнага сабакі.

Горад Батумі вядомы тым, што па горадзе ходзяць сотні і тысячы бадзяжных сабакаў. Сам твор, на якім намаляваны Купата, з’явіўся ў чэрвені 2020 года недалёка ад цэнтральнага парку – Парку 6-га мая на вуліцы Абашыдзэ.

Пра Купату існавала гарадская легенда, што таго сабакі ўжо даўно няма. Аднак літаральна некалькі тыдняў таму мясцовыя жыхары паказалі мне сабаку, з якога малявалі вулічнае графіці. Сабака жыве амаль у 200 метрах ад месца, дзе намаляванае графіці.

Вялікая колькасць графіці ў горадзе Батумі прысвечана марской тэматыцы: караблі, маракі, юнгі, чайкі, якія лётаюць каля порта. Таксама ёсць маякі і караблі, якія ідуць у іншыя краіны. 

На ўзбярэжжы таксама можна пабачыць ў выглядзе графіці і знакамітых людзей.

А пасля пачатку руска-украінскай вайны 2022 году у знак салідарнасці горад Батумі стаў літаральна жоўта-блакітным, і палітычнае графіці літаральна засланіла  сцены грузінскага Батумі.

Частку вышэйпералічаных графіці лёгка знайсці, але большасць з іх схавана  ў закутках гораду. Спадзяемся, вы іх знойдзеце і папоўніце гэты спіс.

Беларускае Радыё Рацыя