Людзьмі звацца



У сярэдзіне сакавіка ў выніку ўдару расейскай авіяцыі быў разбураны будынак Драматычнага тэатра ў Марыупалі. Там знаходзіліся сотні мірных жыхароў, якія ўцяклі ад бамбардзіровак у іншых раёнах горада. На тэатр былі скінуты дзве 500-кілаграмовыя бомбы. Што перанеслі выжылыя марыупольцы, калі зразумелі, што выхады з сховішча завалены, цяжка ўявіць. Затое РФ сцвярджала, што тэатр служыў украінскай вайсковай базай, па якой і быў нанесены ўдар. Потым, у лепшых традыцыях бруднай прапаганды, факты перакручваліся ўздоўж і ўпоперак. У выніку Мінабароны РФ заявіла, што будынак тэатра быў замініраваны і падарваны байцамі ўкраінскага батальёна «Азоў». І гаворка ідзе не пра сотні, а „ўсяго” пра 14 загінулых.

Праз чатыры месяцы пасля трагедыі частка акцёрскага калектыву Марыупальскага драмтэатра сыграла першы спектакль ва Ужгарадзе. Сем з двухсот чалавек, якія змаглі з’ехаць і захацелі адраджаць свой тэатр разам з рэжысёрам. Большасць калектыву рэпэтуе перад маштабнымі гастролямі па Расеі. Тур вялікадушна арганізоўвае Расканцэрт. Як сказаў намеснік мэра Марыўпаля, «дно дна». Дарэчы, Данецкая опера ў 2014 годзе практычна поўным складам пераехала ў Харкаў і Кіеў. Іх тэатр не быў разбураны, проста не хацелі артысты выходзіць на адну сцэну з Кабзонам і забаўляць тэрарыстаў.

Таксама, як і акторы Купалаўскага тэатра, для якіх важна «людзьмі звацца». І пакуль у Марыупальскім драмтэатры акупанты заліваюць целы загінулых бетонам і засыпаюць гэтыя месцы хлоркай, каб не было паху трупаў, трупа сутаргава перакладае п’есы з украінскай на расейскую. Прабачце за каламбур.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ