Саўладальнік клайпедскага тэрмінала хоча выкупіць акцыі „Беларуськалія”
Асноўны ўласнік кампаніі Biriu kroviniu terminalas, якая кіруе тэрміналам насыпных грузаў у порце Клайпеды, Ігар Удавіцкі хоча выкупіць пакет акцый, які належыць „Беларуськалію”.
На працягу многіх гадоў прадукцыя „Беларуськалія” пастаўлялася на знешнія рынкі праз порт Клайпеды. Беларускі вытворца па дамоўленасці валодаў 30 працэнтамі акцый BKT. Ён выкупіў іх у 2013 годзе за 30 млн даляраў. Аднак „Беларуськалій” трапіў пад санкцыі, а з лютага гэтага года тэрмінал цалкам пазбавіўся яго грузаў пасля адмовы ЛЧ транспартаваць беларускі калій.
Ігар Удавіцкі звярнуўся ў Савет па канкурэнцыі Літвы, каб атрымаць дазвол на здзелку 24 жніўня. 2 верасня рэгулятар апублікаваў аб’яву аб заяўцы з прапановай зацікаўленым асобам даць матываваныя заключэнні аб ёй.
У выніку здзелкі бізнесмен стане аднаасобным уладальнікам тэрмінала. Цяпер яму прама і ўскосна належаць 70% кампаніі.