Вайна ва Украіне: у Чарнігаве на выставе боепрыпасаў адбыўся выбух



192-і дзень вайны. Расейскія войскі сёння зноў абстралялі ўкраінскі Мікалаеў. Як паведаміў мэр горада Аляксандр Сянкевіч, акупанты трапілі па гаражах у адным з раёнаў. Па папярэдніх дадзеных, адну жанчыну параніла аскепкамі.
Паводле звестак аблсавета, у выніку абстрэлу расейцамі Мікалаеўскай вобласці загінула 8-гадовае дзіця, яшчэ 6 чалавек паранены (у тым ліку двое дзяцей), перадае агенцыя УНІАН. 

У Чарнігаве на выставе боепрыпасаў адбыўся выбух, таксама паранены трое дзяцей, адзін двухгадовы хлопчык – у цяжкім стане. Выстава праходзіла каля мастацкага музея, і адзін з боепрыпасаў здэтанаваў. На месцы працуюць экстранныя службы. 

У сваім чарговым звароце ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пракаментаваў згоду краін G7 увесці столь коштаў на расейскую нафту: „Калі гэты механізм будзе рэалізаваны, ён стане важкім элементам абароны цывілізаваных краін і энергарынкаў ад расейскай гібрыднай агрэсіі. І сапраўды — трэба абмежаваць таксама кошт на расейскі газ. Я ўдзячны спадарыні кіраўніцы Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен, якая сёння сказала пра гэта”. Нагадаем, што прапанову Ляен абмяркуюць 9 верасня міністры энергетыкі краін Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя