„Шахцёр” захаваў лідарства ў чэмпіянаце Беларусі па футболе



Салігорскі „Шахцёр” перапыніў шасціматчавую пераможную серыю, але захаваў лідарства ў турнірнай табліцы футбольнага чэмпіянату Беларусі пасля матчаў 20-га тура. У хатняй гульні з гарадзенскім „Нёманам” гаспадары выйшлі наперад на 5-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Ягора Філіпенкі. Госці адказалі галамі Андрэя Якімава, які адзначыўся шыкоўным далёкім ударам са штрафнога, і Паўла Савіцкага. Аднак дамагчыся перамогі „Нёману” не ўдалося – на 58-й хвіліне гульні Фесу Плака зраўняў лік – нічыя 2:2.

Асноўныя канкурэнты дзейных чэмпіёнаў свае паядынкі выйгралі. Менскае „Дынама” разграміла на сваім полі аўтсайдара першынства магілёўскае „Дняпро” 4:0 – дублем адзначыўся Арцём Канцавы, барысаўскі БАТЭ ў гасцях перайграў „Гомель” – 1:0, дзякуючы голу Неманья Міліча. Сталічны „Энергетык-БДУ” ў Маладэчне адолеў „Іслач” з Менскага раёна – 3:2. Дубль аформіў узбекскі нападнік менчан Бабір Абдзіхолікаў, які працягвае ўзначальваць бамбардзірскую гонку, забіўшы 19 мячоў.

„Карона” мінімальна саступіла на сваім полі „Пагоні”

У рамках 8-га тура дывізіёна 1 чэмпіянату Польшчы „Карона” на сваім полі саступіла „Пагоні” з лікам 2:1. У складзе гаспадароў згуляў Яўген Шыкаўка, беларус выйшаў на замену на 66-й хвіліне. „Карона” ў табліцы розыгрышу займае дзевятае месца з дзесяццю ачкамі.

Бортнічук даў нічыю «Ягелоніі»

« Ягелонія» згуляла ўнічыю 1:1 з «Заглембем» і набрала каштоўнае ачко ў матчы 8-га тура PKO Ekstraklasa.
Мацей Бартнічук з перадачы Нэнэ на 85-й хвіліне зраўняў лік. Пасля 8 тураў «Яга» набрала 9 ачкоў і размяшчаецца на 12-й пазіцыі турнірнай табліцы.

Дубль Рэшфарда дапамог „Манчэстэр Юнайтэд” абыграць „Арсенал”

У рамках заключнага паядынку 6-га тура англійскай прэм’ер-лігі „Манчэстэр Юнайтэд” абыграў на „Олд Трафард” „Арсенал” з лікам 3:1. Дублем у браму „кананіраў” адзначыўся Маркус Рэшфард, а першы гол у матчы забіў Антані. Лонданцы змаглі адказаць толькі голам Букаё Сака. Пасля шасці тураў „Арсенал” з 15 ачкамі знаходзіцца на першым радку, „Манчэстэр Юнайтэд” з 12 баламі ідзе ў турнірнай табліцы пятым.

„Брайтан” ўпэўнена перамог „Лестэр” 5:2 – два галы забіў Макалістэр, адзін яго мяч суддзі адмянілі. „Валенсія” разграміла „Хетафе” ў матчы 4-га тура чэмпіянату Іспаніі – 5:1. „Удзінэзэ” разграміў „Рому” ў матчы 5-га тура чэмпіянату Італіі — 4:0. Каманда Жазэ Мурынью пацярпела першую паразу ў сезоне, рымляне апусціліся на пятае месца ў табліцы.

„Нёман” узяў верх над „Дынама-Маладэчна”

Гарадзенскі „Нёман” перамог „Дынама-Маладэчна” ў матчы Betera-экстралігі. Лік сустрэчы 7:2. Форвард „Нёмана” Павел Баярчук стаў аўтарам першага хет-трыка новага сезона. Яшчэ па шайбе ў складзе гарадзенскай каманды закінулі Мікіта Бастрыкін і Мікіта Рэмезаў і Вячаслаў Іпатаў.

„Гомель” абыграў „Кронан”

„Гомель” на хатняй арэне перамог гарадзенскі „Кронан” у сваім першым матчы новага сезона мужчынскага чэмпіянату краіны — 37:32. Самым выніковым стаў Аляксандр Лукашэвіч, які закінуў гаспадарам дзевяць мячоў.

„Будаўнік” трэці раз прайграў ў Кубку Расеі

Валейбалісты менскага „Будаўніка” пацярпелі тры паразы на першым папярэднім этапе розыгрышу Кубка Расеі ў Ніжневартаўску.Віцэ-чэмпіёны Беларусі саступілі мясцоваму клубу „Югра-Саматлор” 1:3.
Да гэтага віцэ-чэмпіёны Беларусі з такім жа лікам прайгралі ніжагародскаму клубу АСК і маскоўскаму „Дынама”.

Польшча ўпэўнена перайграла Туніс і сустрэнецца з ЗША

Зборная Польшчы на хатняй арэне „Глівіцэ” у трох сэтах расправілася з камандай Туніса ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету па валейболе. Польскія валейбалісты перамаглі 3:0. У складзе пераможцаў матча вызначыліся Каміль Семянюк і Барташ Курэк, якія набралі па 12 ачкоў. Зборная Польшчы пад кіраўніцтвам сербскага спецыяліста Міколы Грбіча на групавым этапе ў трох сэтах абыграла Мексіку і Балгарыю і выйграла ў ЗША 3:1. У чвэрцьфінале Польшча будзе змагацца са зборнай ЗША, якая ў пяці партыях перайграла Турцыю 3:2.

Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Нідэрландаў”

Макс Ферстапен, які прадстаўляе „Рэд Бул”, выйграў „Гран-пры Нідэрландаў” у рамках чэмпіянату „Формулы-1”. Другім стаў Джордж Расэл з „Мэрсэдэс”, трэцім — Шарль Леклер з „Ферары”. Ферстапен святкаваў дзясятую перамогу ў сезоне і выйграў хатні этап другі раз запар.

Беларускае Радыё Рацыя