Кацярына Ваданосава зняла новы кліп на песню з купалаўскімі словамі
Спявачка, паэтка і журналістка Кацярына Ваданосава паведаміла, што напрыканцы жніўня закончыліся здымкі яе новага кліпа. Гэтым разам была выбрана песня на словы Янкі Купалы. Хоць, як адзначыла сама спявачка, большасць яе песень напісаны на ўласныя вершы.
– Насамрэч у мяне ёсць песні на чужыя вершы. Зараз я іх паспрабую пералічыць. На верш Караткевіча. На верш Купалы, на які мы акурат зараз знялі кліп, праўда, я не ведаю, калі ён пабачыць свет, гэта звязана з нейкімі лагістычнымі чыннікамі. І на верш Алеся Дудара. Гэта, здаецца, тры кампазіцыі на чужыя вершы. Усе астатнія мае.
Новы кліп зняты на песню „Снілася дзяўчыне”, якая прысвечана Паліне Мядзёлцы.
Месяц таму на тэлеканале «Белсат» быў прэзентаваны кліп Кацярыны Ваданосавай на песню «Акрэсцінскі вальс». Спявачка распавяла, што сам тэкст і музыка нарадзіліся ў яе ў час, калі маршы ў Беларусі перарасталі ў баталіі. Аднак і дасёння песня засталася актуальнай.
Беларускае Радыё Рацыя