Дасылайце лісты палітвязням!
Паводле «Нашай Нівы», ініцыятыва «Лісты ў клетачку», з дапамогай якой можна было пісаць палітвязням, спыняе сваю дзейнасць. З-за больш чым паўгадавой адсутнасці адказаў ад палітвязняў вырашылі не спансаваць «Белпошту».
Але беларусы Варшавы лічаць інакш, кажа актывістка Ганна Федаронак:
-Мы пішам лісты і віншаванні палітвязням. Я прыйшла са сваёй дачушкай Сашай, яна малюе, а я – пішу. Бо я ведаю, што чалавек атрымае паштоўку з гэтымі кветачкамі, і для чалавека гэта будзе як глыток паветра, як сонейка. Мы з Сашай атрымалі ўжо адказ ад палітвязняў ужо тут, у Варшаве. Таму я ведаю, што гэтыя лісты даходзяць, людзі чытаюць.
Паводле праваабаронцы Алены Лапцёнак, у Варшаве створаны добрыя дзве ініцыятывы ў Маладзёвым Хабе і музеі «Вольнай Беларусі», дзе можна пісаць лісты палітвязням гуртом.
Акрамя лістоў можна паслаць невялічкую бандэрольку, пісьмовыя прыналежнасці, а таксама грошы. Вязні да самага судовага выраку іх атрымліваюць.
Беларускае Радыё Рацыя