Беларускім турыстам выгадна адпачываць ва Украіне
У Менску ў пасольстве Украіны адбылася прэс-канферэнцыя, на якой прадстаўнікі курортаў, размешчаных ў Львоўскай і Запарожскай абласцях, расказалі пра сітуацыю ў рэгіёнах і здраўніцах.
Алег Рэга, супрацоўнік гасцінічна-курортнага комплексу „Карпаты” адзначыў, што „праблемы нацыяналізму, рускай мовы, міжнацыянальных разборак наогул не існуе”:
– Калі б я тут, у Менску, не ўключыў тэлевізар і не паглядзеў расейскае тэлебачанне і некаторыя беларускія каналы, я б і не ведаў, што ў нас настолькі ўсё кепска. Праблемаў міжнацыянальных зносін, расейскай мовы ў нас ніколі не было і няма.
Начальнік інфармацыйнай службы для адпачывальнікаў курорта „Кірылаўка” Алена Палубаярынава адзначыла, што беларускім турыстам выгадна адпачываць ва Украіне:
– Вам, беларусам, увогуле выгадна адпачываць у нас, таму што цэны ў грыўнах засталіся на роўні мінулага ці навата пазамінулага года.
«У нас Запарожская вобласць. Бліжэйшая чыгуначная станцыя – Мелітопаль. Не блытайце з Марыупалем. У нас усё спакойна!» – адзначыла прадстаўніца ўкраінского курорта.
Беларускае Радыё Рацыя паводле БелаПАН
Фота turistics.com