Ціханоўская: Ваюючыя за Украіну беларусы ведаюць, што гэтая барацьба вызначыць будучыню Еўропы
Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай 508-м угодкам бітвы пад Оршай. Канферэнцыя прайшла 8 верасня ў Віленскай Ратушы.
«Хацелася б, каб гэта было ў Воршы. Але сёння гэты гераічны горад, як і ўся мая любімая Беларусь, знаходзіцца пад акупацыяй тых самых захопнікаў, што і 500 гадоў таму.
Я не сумняваюся, што Беларусь будзе свабоднай, а Украіна вызваліць усе свае тэрыторыі. Я так упэўнены ў гэтым, таму што мы – нашчадкі воінаў Аршанскай бітвы«, – сказала Святлана Ціханоўская ў сваёй прамове.
«Я ведаю, што беларускія добраахвотнікі ва Украіне таксама адзначаюць гэты дзень. З лютага ў беларускія батальёны і палкі ўліліся сотні байцоў. Вызваленне Украіны для iх – гэта іх Аршанская бітва. Яны ведаюць, што вынік гэтай вайны вызначыць лёс Беларусі і ўсёй Еўропы«, – падкрэсліла нацыянальны лідар Беларусі.
Паводле слоў Ціханоўскай, Аршанская бітва з’яўляецца «гістарычным сведчаннем таго, што нашы народы гатовы разам супрацьстаяць тыраніі і прыгнёту«.
Яна сказала, што «нават калі здаецца, што барацьба прайграна, на наступны дзень мы чытаем пра новую акцыю нашых партызан, актывістаў ці добраахвотнікаў. Гэта не можа не натхняць… Нашы партызаны і кіберпартызаны творча выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі для дэзарганізацыі суперніка. Яны не раз спынялі чыгунку паміж Беларуссю і Украінай, і цягнікі з расейскай тэхнікай не маглі трапіць ва Украіну.
«Дык давайце натхняцца гэтымі подзвігамі ўсіх, хто сёння змагаецца за свабоду ва Украіне і Беларусі, не будзем забываць і подзвігі ўсіх нашых герояў у Аршанскай бітве.
Князь Астрожскі, звяртаючыся да сваіх воінаў перад бітвай, сказаў: «Храбрыя рыцары! Хай будзе доблесць ваша вартая вашых слаўных продкаў!» Думаю, нашы продкі ганарыліся б нашымі цяперашнімі героямі, якія не здаліся і працягваюць барацьбу за свабоду».