Беларусы Бельгіі адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы
Беларусы Бельгіі адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы.
Каля двух дзясяткаў чалавек зладзілі пікет ля будынка Еўракамісіі, на плошчы Шумана ў Брусэлі. Традыцыйна дзень перамогі ў бітве войска Вялікага Княства Літоўскага, пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астрожскага, над амаль утрая пераўзыходзячым войскам маскавітаў, якая адбылася ў 1514 годзе пад Воршай, адзначаецца па ўсіх кутках Свету, дзе жывуць беларусы. А ў будучым гэты дзень павінен стаць нацыянальным святам і ў самой Беларусі. Выказвае сваю ўпэўненасць у гэтым – арганізатар пікета ў Бельгіі Зміцер Піменаў:
– Гэты дзень павінен быць галоўным святам Узброеных Сілаў. Галоўным святам усіх людзей, якія служылі і ваявалі. Якія змагаліся за незалежнасць Беларусі. Гэта будзе тое свята, якое аб’яднае ўсіх, хто змагаўся за Вольную Беларусь. Слава Воршы ўжо не горша! Слаўся князь Астрожскі! Гэта будуць тыя словы, якія будуць нас усіх яднаць.
Пад час пікета з будынку Еўракамісіі да яго ўдзельнікаў падышла еўрадэпутатка Ганна Кілан-Ліпка, кіраўніца працоўнай групы па Беларусі ў Еўрапейскай службе замежных спраў, і павіншавала з гэтай гістарычнай датай.
Беларускае Радыё Рацыя