Павел Латушка — пра магчымае пазбаўленне грамадзянства палітэмігрантаў
У адказ на прапанову Лукашэнкі пазбаўляць грамадзянства беларусаў-палітэмігрантаў, дэмакратычныя сілы могуць пачаць выдаваць уласныя пашпарты Рэспублікі Беларусь, пра гэта ў нашым эфіры расказаў палітык, кіраўнік НАУ, прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Павел Латушка.
РР: Уладамі распрацоўваецца цэлы закон для таго, каб пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якіх улады лічаць нелаяльнымі да рэжыму Лукашэнкі.
Павел Латушка: Трэба прыняць да ўвагі, што дзяржава мае абавязкі перад сваімі грамадзянамі. І проста невядома з якіх неабгрунтаваных прычын пазбаўляць грамадзянства грамадзянаў краіны – недапушчальна! І з гэтым вядзе барацьбу ААН, якая робіць шмат ініцыятываў і націскае на ўрады розных краін, каб краіны не ішлі шляхам пазбаўлення грамадзянства.
Ну, Лукашэнку не ўказ ні ААН, ні правы чалавека. Мы гэта добра ведаем. Таму ён агучыў гэтую ініцыятыву. І, зразумела, што мы не мусім стаяць у баку. Гэтае пытанне не абмяркоўвалася на паседжанні Аб’яднанага пераходнага Кабінета Беларусі, як выканаўчага органа, які прэтэндуе на тое, каб кантраляваць сітуацыю ў Беларусі ў пераходны перыяд. Але гэта маё прыватнае меркаванне як палітыка. Што на гэта кажуць юрысты. Пазбаўляць грамадзянства нельга, бо, па-першае, гэта парушэнне міжнародных прынцыпаў міжнародных стандартаў ААН. Па-другое, фактычна ўвесь дэмакратычны свет заявіў пра тое, што Лукашэнка не з’яўляецца легітымным кіраўніком дзяржавы, ён – не прэзідэнт. Значыць, мы маем права ставіць пытанне аб прызнанні пашпартоў, якія можа тэарэтычна выдаваць Пераходны Аб’яднаны Кабінет. Таму, калі Лукашэнка пачне гэтую кампанію масавага пазбаўлення грамадзянства беларусаў, то зразумела, што мы павінны скарыстаць гэты інструмент і весці дыялог з нашымі партнёрамі аб прызнанні пашпартоў, якія будзе выдаваць Аб’яднаны Пераходны Кабінет. Калі Лукашэнка хоча ісці гэтым шляхам, пабачым.
РР: Ці пойдзе Лукашэнка на такі канкрэтны крок?
Павел Латушка: Мы бачым абсурднасць гэтага таталітарнага рэжыму, хунты, якая сёння кіруе Беларуссю. Фактычна Лукашэнка робіць усё, што не адпавядае інтарэсам Беларусі. Ён падтрымаў вайну РФ супраць Украіны, гэта чалавек, які тэрарызуе беларускі народ, тысячы людзей знаходзяцца ў турмах. Ён заявіў пра тое, што класава павінны знікнуць індывідуальныя прадпрымальнікі. Цяпер ён хоча пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выступілі супраць яго. Пагадзіцеся, усе гэтыя рашэнні – антыбеларускія, антыдзяржаўныя. Гэта рашэнні, якія парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Гэта дзікунства. Гэта чалавек, які робіць усё супраць дзяржавы Беларусь. Дзеля чаго? Дзеля адной мэты – захаваць уладу.
Нагадаем, падчас нарады шостага верасня Лукашэнка заявіў, што трэба разгледзець законапраект аб пазбаўленні грамадзянства тых, хто выехаў за мяжу і “дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу, здзяйсняючы злачынствы”.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя