Менск і Севастопаль заключылі пагадненне аб супрацы



Менск і Севастопаль заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве – яго падпісалі кіраўнік Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў і „губернатар” Севастопаля Міхаіл Разважаеў. Па словах апошняга, размова ідзе аб эканоміцы і гуманітарнай сферы, паведамляе прэс-служба прарасейскага ўрада рэгіёну.

Фота: crimea-news.com

Севастопальскі чыноўнік назваў падпісанне пагаднення „гістарычна важным момантам” і прызнаўся, што перамовы з Менскам наконт гэтага вяліся даўно. „Цяпер нашы гарады хутка развіваюцца. Гэта старонка нашай агульнай гісторыі. У наступным годзе Севастопалю спаўняецца 240 гадоў, і мы абавязкова запросім дэлегацыю з Менска да нас у госці”, – паабяцаў Разважаеў.

У сваю чаргу Уладзімір Кухараў паведаміў, што на сустрэчы была заключана вялікая колькасць пагадненняў і прапрацаваны „шэраг сур’ёзных пытанняў” па розных напрамках дзейнасці.

Нагадаем, Беларусь афіцыйна так і не прызнала анексаваны Крым расейскім, хаця многія выказванні Лукашэнкі можна трактаваць менавіта ў такім ключы.

Беларускае Радыё Рацыя