Вайна ва Украіне: акупанты актыўна пакідаюць усход Харкаўшчыны



Расейскія войскі не ў стане ўмацаваць новую лінію фронту пасля правалу пад Харкавам. Да такой высновы прыйшоў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны.

Эксперты канстатуюць, што акупанты актыўна пакідаюць усходнюю частку Харкаўскай вобласці для перадыслакацыі на іншыя напрамкі, напрыклад, у паўднёва-заходнюю частку Данецкай вобласці. Расейцы лічаць, што наступнай мэтай УСУ будзе лінія Ліман-Ямпаль, таму канцэнтруюць у тым раёне свае сілы.

Тым часам, The Wall Street Journal піша, што Украіна будзе патрабаваць ад ЗША і іх саюзнікаў ракеты вялікай далёкасці. Выданне спасылаецца на дакумент, атрыманы амерыканскімі заканадаўцамі. Сцвярджаецца, што ў запыце згадваюцца дзясяткі відаў узбраенняў, якія спатрэбяцца для працягу наступу на расейскіх акупантаў у будучым годзе. Сярод іх — ракеты, якія могуць наносіць удары на адлегласці да 300 км.

Раней улады ЗША адмовілі ў перадачы такіх ракет Украіне, паколькі не выключалі, што яны паляцяць на тэрыторыю Расеі. Таксама ў спісе танкі, дроны, артылерыйскія сістэмы, вялікая колькасць супрацькарабельных ракет Harpoon, 2000 ракет для высокамабільнай артылерыйскай ракетнай сістэмы Himars, якая выдатна зарэкамендавала сябе ва Украіне падчас вайны.