Агляд прэсы: згуртаванне праз крызіс



Чатыры прычыны, па якіх Беларусь не ўвядзе войскі ва Украіну. Як справы ў Еўропы? Правы паварот Швецыі. На смерць Жана-Люка Годара. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Вайна разам з Расеяй не дапаможа Лукашэнку ўтрымацца ва ўладзе. Аднак на гэтым тыдні Беларусь яшчэ праводзіць вайсковыя вучэнні пры падтрымцы Расеі. На тэрыторыі, якую Лукашэнка дазволіў Расеі выкарыстоўваць у якасці стартавай пляцоўкі для сотняў авіяўдараў па ўкраінскіх цэлях. Але вось чатыры прычыны таго, што верагоднасць ваеннага наступу з Беларусі або ўварвання беларускай арміі ва Украіну застаецца нізкай», – перадае амерыканская газета The Washington Post.

«Сталая расейская вайсковая прысутнасць не ў інтарэсах Лукашэнкі. Любыя беларускія войскі, накіраваныя ва Украіну, будуць абапірацца на расейскую камандную інфраструктуру. У сувязі з тым, што расейская армія ўжо знаходзіцца на беларускай тэрыторыі і паглыбленне інтэграцыі паміж Расеяй і Беларуссю, якая рухаецца да аб’яднання эканомік і ваенна-палітычных структур дзвюх краін, – у гэтай сітуацыі страта кантролю не ў інтарэсах Лукашэнкі.

Да таго ж санкцыі аслабілі падтрымку Лукашэнкі з боку ўнутраных саюзнікаў.

У красавіку Лукашэнка беспаспяхова паспрабаваў весці таемныя перамовы з Захадам. Большасць беларусаў не хочуць, каб іх краіна ўдзельнічала ў вайне супраць Украіны. У той жа час беларусы таксама выказваюць салідарнасць з Украінай. Прызыўная армія Беларусі ў значнай ступені застаецца грамадзянскай арміяй, што азначае, што многія прызыўнікі падзяляюць грамадскую незадаволенасць рэжымам Лукашэнкі. Верагодна, беларускія вайскоўцы добра разумеюць, што любыя войскі, накіраваныя для ўдзелу ў баях ва Украіне, цалкам могуць адмовіцца служыць або паспрабуюць дэзерціраваць», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

«Ніколі яшчэ Еўрапарламент не абмяркоўваў стан спраў у Еўразвязе ў сітуацыі, калі на кантыненце бушуе вайна», – такімі словамі пачала ў сераду сваю прамову перад дэпутатамі ў Страсбурзе старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. «Расея пайшла ў атаку на еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў, але Еўразвяз агульнымі намаганнямі дасць адпор гэтаму нападу», – заявіла фон дэр Ляен. Прэса разважае пра тое, ці атрымалася ў яе знайсці правільныя словы.

«Еўропа нарэшце пераадолела сваю наіўнасць у адносінах да Масквы», – піша эстонскае выданне ERR Online.
«З часам палітыкі, вышэйшыя службовыя асобы і прадпрымальнікі краінаў Цэнтральнай Еўропы змаглі ўсвядоміць, што ранейшая палітыка ў дачыненні да Расеі правалілася. І яна не проста знаходзіцца ў рэжыме чакання з-за вайны, але і сапраўды змянілася, на доўгія гады наперад. У сваім выступе Ўршуля фон дэр Ляен прызнала, што Эўропе трэба было больш прыслухоўвацца да тых, хто казаў пра тое, што Расея не спыніцца. Трэба было прыслухацца да расейскай і беларускай апазіцыі, да краін Балтыі і Польшчы»,
– канстатуе эстонскае выданне.

Правакансерватыўны лагер выйграў парламенцкія выбары ў Швецыі з мінімальнай перавагай: 176 супраць 173 месцаў. Нягледзячы на тое, што ўласная партыя дабілася добрых вынікаў, кіраўнік урада ад сацыял-дэмакратаў Магдалена Андэрсан заявіла аб сваім сыходзе ў адстаўку. Правапапулісцкая партыя Шведскія дэмакраты здолела набраць жаданыя галасы, і стала другой па велічыні палітычнай сілай краіны. Польская газета Polityka мае сваё меркаванне пра характар Шведскіх дэмакратаў.

“Не варта ставіць Шведскіх дэмакратаў на адну дошку з нацыянал-папулісцкімі партыямі іншых краін Еўропы. Шведскія дэмакраты больш кансерватыўныя і схільныя весці размовы аб пратэкцыянізме ў эканоміцы. Акрамя таго: у Швецыі адсутнічае традыцыя этнанацыяналізму, паколькі шведам ніколі не даводзілася весці войны за сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Ультраправыя вынайшлі сябе нанова, ды з добрымі для сябе вынікамі. І гэта найважнейшы ўрок апошніх выбараў у Швецыі, які Еўропе варта было б засвоіць», – заклікае польскае выданне.

13-га верасня на 92 годзе жыцця ў Швейцарыі памёр кінарэжысёр і адзін з заснавальнікаў французскай новай хвалі Жан-Люк Гадар. Ён скарыстаўся магчымасцю асіставанага суіцыду, які дапускаецца заканадаўствам Швейцарыі. Прэса аддае даніну ўкладу Гадара ў скарбніцу еўрапейскага кінамастацтва.
Бельгійская газета De Morgen дае наступны каментар.

«Невычэрпная цяга да эксперыментавання мела свой кошт. Гадар стаў адным з самых уплывовых кінематаграфістаў усіх часоў, якога астатнія імкнуліся пераймаць. Ён быў піянерам кінамастацтва, які паказаў старому пакаленню, на што здольнае кіно. У той жа самы час яго творчасць была далёкай ад звычайнай кінааўдыторыі. Прыкладна з 1968 года гледачы мелі магчымасць бачыць, як творчасць Гадара пад ўплывам яго левых, антыбуржуазных і антыамерыканскіх поглядаў усё больш радыкалізавалася. З кожным новым фільмам яго пазіцыя станавілася ўсё больш лютай і агрэсіўнай. Тое, што пачыналася з гульнявых эфектаў адчужэння і іранічных жартаў, вылілася ў прамы напад на буржуазную публіку», – падсумоўвае бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя