Кнігі Уладзіміра Калесніка
17 верасня спаўняецца 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка і вучонага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, прафесара Уладзіміра Калесніка.
Літаратуразнаўцы і крытыкі да сённяшніх дзён часта карыстаюцца кнігамі Уладзіміра Калесніка. І чытаюць тое, пра што напісаў гэты таленавіты даследчык у сваіх, вартых і нашага часу, выданнях.
Першая кніга “Паэзія змагання” (Мінск, 1959) Уладзіміра Калесніка была прысвечана Максіму Танку і заходнебеларускай літаратуры. Разглядаючы літаратурна-грамадскую дзейнасць Максіма Танка да верасня 1939 года, літаратуразнавец прыйшоў да высновы і пераканана даказаў, што творчы шлях паэта быў просты, але не лёгкі.
Пасля “Паэзіі змагання” з друку выходзяць новыя кнігі Уладзіміра Калесніка: “Час і песні”, “Зорны спеў”, “Ветразі Адысеі: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі”, “Максім Танка: нарыс жыцця і творчасці”, “Лёсам пазнанае: выбраныя літаратурныя партрэты”, “Тварэнне легенды”, “Янка Брыль: нарыс жыцця і творчасці” і іншыя.
Уладзімір Калеснік шмат напісаў пра паэта Уладзіміра Жылку, які быў у цэнтры літаратурнага працэсу Заходняй Беларусі першай паловы 1920-х гадоў, вёў актыўнае творчае жыццё ў Савецкай Беларусі канца 1920-х —пачатку 1930-х гадоў. Даследчык літаратуры напісаў не толькі пра паэта Жылку, але вёў гаворку пра ўсю тагачасную грамадскую атмасферу, пра жыццё і барацьбу, пра палітычную і мастацкую думку, пра творчыя кірункі, метад, стыль. Многі аспекты творчасці Уладзіміра Жылкі літаратуразнаўцам праяснілі праблему ўзаемасувязей літаратуры былой Заходняй Беларусі з савецкай літаратурай, польскай рэвалюцыйнай паэзіяй і заходнееўрапейскімі літаратурамі.
Пісаў у сваіх кнігай Уладзімір Калеснік пра Францыска Скарыну, Міколу Гусоўскага, Янку Купалу, Гальяша Леўчыка, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Міколу Засіма, Рыгора Шырму, Валянціна Таўлая, Уладзіміра Караткевіча, Ніну Мацяш, Аляксея Карпюка. А ў сваім “Пражскім эпісталярыі” даследчык літаратуры даў шырокую панараму літаратурнага, культурнага і палітычнага жыцця Беларусі 1920-х—1930-х гадоў і ўдзелу ў ім такіх вядомых асобаў, як Антон Луцкевіч, Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб і іншых беларусаў.
Дзякуючы Ўладзіміру Калесніку свет пабачылі дзве кнігі паэзіі Заходняй Беларусі: “Сцягі і паходні” (1965) і “Ростані волі” (1990). Чытаючы сёння ўсе выданні, дзіву даемся, калі і дзе ён знаходзіў час, сілы, веды, каб столькі напісаць сур’ёзнага, праверанага на факты, цікавага і грунтоўнага, новага і разнастайнага.
Пасля смерці Уладзіміра Калесніка (памёр у 1994 годзе), яго сябры і калегі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта падрыхтавалі і выдалі вялікі том яго памяці “Пасланец Праметэя”. У прадмове да яе напісана: “Запатрабавальнасць Калесніка, як літаратара і мастака ніколі і ў нікога не выклікала сумнення, а ягоныя кнігі знікалі з паліц магазінаў імгненна”. І гэта так. Уладзімір Андрэевіч сваім прыкладам паводзін увасабляў сумленнасць, праўду і справядлівасць.
Беларускае Радыё Рацыя